Перайсці да зместу

Старонка:Пачатковая географія (1925).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КРУГ ПЕРШЫ.


Якую навуку мы пачынаем?

Мы пачынаем з вамі, дзеткі, цікавую навуку аб розных краёх, гарадох, рэчках, горах, аб народах, што жывуць па гэтых розных краёх, па ўсёй зямлі.

Але, каб зразумець іншыя старонкі, трэба раней добра пазнаёміцца з тым краем, дзе вы радзіліся й жывеце, дзе радзіліся вашыя бацькі й дзяды. Гэта старонка завецца Беларусь.

Але й Беларусь нашая — вялікая старонка; дык раней пазнаёмімся з тым горадам або мястэчкам, або вёскай, дзе вы, дзеткі, жывеце, дзе знаходзіцца вашая школа.

Вы адкажаце мне, што самі, добра ведаеце аб сваім горадзе або вёсцы. А я вам скажу на гэта, што й пра хатку сваю добра не раскажаце, а ня тое што пра вёску або горад.

А яшчэ-ж трэба ведаць і пра свой садок, і пра поле і пра лес. Дык слухайце, дзеці, і навучайцеся навуцы географіі. (Слова гэта грэцкае і азначае — апісаньне зямлі).

Хата. Школа. Панадворак.

Хата. Добра ў хатцы, асабліва ў восень, калі дзьмуць вятры з дажджом. Тады агаляецца зямля й дрэвы; сумна крычаць над балотамі жураўлі й буслы. Добра і ўзімку ў хаце: на вуліцы мароз шчыпле за нос, а ў хаце цёпла.

А ў школе весела: настаўнік, чытае вясёлае здарэньне або хто з вучняў дэклямуе верш.