цэльныя суткі і бачыць палі, лясы, лугі, вёскі, зноў палі, таксама можна плысьці параходам па моры цэльныя дні ды ночы і бачыць толькі хвалі мора ды неба. Чорнае мора болей за нашую Беларусь (500 клм. шырыні ды болей 1.000 клм. даўжыні). З Чорнага мора можна выехаць праз пратокі ў Міжземнае мора. Яно ў 3-4 разы болей за Чорнае мора. 3 Міжземнага мора можна выехаць па пратоцы ў мора яшчэ болей значнае, вялікае.
Калі аглядаць земную кулю ўсю цалком (на глёбусе, на карце), дык заўважым дзьве рэчы: вялізныя абшары вады — гэта Сусьветны акіян, і абшары ўласна зямлі — Сухазем‘е. Вады (акіяну) значна болей на земнай кулі, чымся сухазем‘я, амаль у 21/2 разы.
Контынэнты. Усё сухазем‘е падзяляецца на некалькі вялізных прастораў, кавалкаў, якія аддзелены адзін ад аднаго акіянам. Гэтыя прасторы сухазем‘я завуцца контынэнтамі. Контынэнтаў тры: Усходні, Заходні і Паўднёвы.
Часткі сьвету. Контынэнты звычайна падзяляюць на меншыя прасторы сухазем‘я, на так званыя часткі сьвету. Усходні контынэнт падзяляецца на тры часткі сьвету: Эўропу (дзе знаходзіцца і нашая Беларусь), Азію і Афрыку. Заходні контынэнт складае толькі адна частка сьвету — Амэрыка, якая падзяляецца на Паўночную Амэрыку і Паўднёвую Амэрыку. Паўднёвы контынэнт складае толькі адна невялікая частка сьвету — Аўстралія.
Ёсьць яшчэ контынэнт, але мала вядомы. Ён знаходзіцца каля самага паўднёвага канцавосься, пакрыты сьнегам і лёдам; завецца Антарктыкай. (Арктычны знача паўночны; антарктычны — супроць паўночны).
Апрача гэтых контынэнтаў і частак сьвету, да сухазем‘я належыць шмат вялікіх і малых астравоў.
Акіяны. Сусьветны акіян адзін, але ён здаўна падзелены вучонымі ды мораходамі на часткі: 1) Вялікі — між Азіяй, Аўстраліяй і Амэрыкай, 2) Атлянтычны — між Эўропай, Афрыкай і Амэрыкай і 3) Індыйскі — між Азіяй, Афрыкай і Аўстраліяй. Раней лічылася яшчэ два акіяны: Паўночны лёдавы і Паўднёвы лёдавы. Але цяпер вучоныя лічаць іх за канцы трох акіянаў, каля канцавосься.