зусім не паказваецца над кругавідам цэлыя суткі. Гэты роўналежнік (661/2°) завецца паўночным падканцавосным колам. (Мал. 71 і 72). Такое самае падканцавоснае кола знаходзіцца і ў паўднёвай паўкулі зямлі — таксама на 661/2° ад роўніка (знайдзі на глёбусе). Тамака таксама па разу ў год дзень і ноч цягнуцца цэлыя суткі. Толькі калі там дзень, на нашым (паўночным) падканцавосным коле будзе ноч — і наадварот.
Далей ад гэтых (бліжэй да канцавосьсяў) колаў улетку дзень, узімку ноч яшчэ болей павялічваюцца. На 70° шырыні дзень улетку, ноч узімку цягнуцца ўжо па два месяцы. На самых канцавосьсях сонца паўгода не паказваецца з-пад кругавіду; затое ўлетку дзень цягнецца так сама паўгода. Праўда, у гэтых старонках і ў дзень, хоць даўгі, сонца грэе мала, бо дужа нізка стаіць на небе (як у нас раніцай або ўвечары).
Вось мы нарэшце й даведаліся, што поры году залежаць ад вышыні сонца над кругавідам у поўдзень, а разам з тым і ад працягу дню ды ночы. У старонках, што ляжаць між зваротнікамі (знайдзі іх на глёбусе), сонца заўсёды высака, часам бывае і ў зэніце; там амаль што заўсёды дзень роўны ночы. Там дзьве поры году: зіма й лета, але зіма таксама цёплая, як і лета; розьніцца там зіма ад лета толькі дажджамі, ды ў тым, што ўзімку дзень крыху карацей за ноч. У краінах, што ляжаць між зваротнікамі і падканцавоснымі коламі (тутака і наша Беларусь, і Маскоўшчына, і Украіна, і Польшча, і Нямеччына і шмат іншых), сонца ніколі ня бывае ў зэніце; улетку яно стаіць досыць высака, і дзень болей за ноч; узімку сонца ў гэтых краінах стаіць нізка над кругавідам, дзень карацейшы за ноч. Тутака чатыры поры году. У краінах, што ляжаць за падканцавоснымі коламі, паміж імі ды канцавосьсямі, сонца ніколі не падымаецца высака ў небе; улетку тут даўгія дні, аж па некалькі месяцаў; узімку — страшэнна беспрасьветныя ночы; тут таксама, як каля роўніка, дзьве поры году: лета і зіма.
Хто бачыў толькі нашыя рэчкі ды вазёры, той не ўяўляе сабе велічыні мора. Як можна ехаць цягніком