Перайсці да зместу

Старонка:Паны «Жолондзі» (1936).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За тое, як кажу, паверым на слова аўтарцы, што ўсенька тое, што яна кажа аб сваіх людзях — гэта сапраўднасьць. Пачнем ад старасты. Гэта тутэйшы землеўласьнік, якога няведама дзеля чаго трымаюць пакуль што на пасадзе. Чалавек гэны ў повесьці некалькі разоў трымае тэлефон у руках, курачы пры гэтым шмат папяросаў. Іншым разам ён іграе ў карты, іншым разам з агідаю адварочваецца ад Улькі, жонкі аднаго з сяброў Стражы, які падпаў пад уплывы бальшавіцкія і якога за гэта пасадзілі ў вязьніцу. Жонка, між іншым, у цяжку, праўдамі і няпраўдамі стараецца адведаць мужа і вось нараілі ёй зьвярнуцца да старасты. Стараста, гледзячы з агідаю на яе, пачуўшы, хто яна такая, уцякае. Бачым некалькі разоў гэнага старасту ў гутарках з Волловічам, старшынёю Стражы, на тэму Жолондзя.

Ня выходзячы са Стараства, знаёмімся яшчэ з Огуркевічам, рэфэрэнтам бясьпечнасьці. Гэта чалавек з Галіччыны. Ня ўмее ён аніяк схапіць настрою душы селяніна беларускага. Калі-ж нешта ад яго і пачуем, дык гэта будуць такія словы: …„яны ўсе аднолькавыя (значыцца сяляне)… я-б з іх скуру дзёр… праваслаўнае гэта, чужое, паганае…“ У іншым месцы зноў ён не шкадуе моцных словаў, каб адмаляваць аутохтонаў… „дзікарства і дурнота, што валасы на галаве падымаюцца“. Зразумела, што лінія ягонае палітыкі даволі простая. Калі нехта пытаецца ў яго, як ён са сваімі паглядамі можа дагаварыцца з народам, дык ён адказвае: „я-ж і не хачу з ім дагаварывацца, а хачу іх толькі акелзаць“. Што азначае „акелзаць“ у рэфэрэнта бясьпечнасьці, ведаем даволі добра, дык і паясьняць ня трэба.

Паглянем на іншых урадоўцаў, у гэным Старастве. Вельмі часта гэныя людзі „ждуць“. Ждуць, каб хутчэй трэцяя, канец іх працы. Каб ня надта доўжылася, адведываюць карчму жыдка Ротмана, таму, што яна пасуседзку. Огуркевіч дык прынамся ведае меру. Ён афіцыяльна ўпарадку, пап’яному не зьяўляецца ў Старастве. Другі важны рэфэрэнт, дык хістаючыся на нагах, прыходзіць каля трэцяе пачынаць працу. Кумпанія, калі яна часамі і вясёлая, дык казаць ня можна, каб была сымпатычная, ці прынамся салідная.

Прадстаўнікі абшарнікаў, якіх даволі шмат выводзіць аўтарка, розныя па масьці. Ёсьць такі Волловіч, старшыня Стражы, арганізацыі, якая мае ў сфэрах абшарнікаў фірму, напалову бальшавіцкай. Ня ведаем, што загнала Волловіча да старшынства. Чалавек ён даволі асабіста сымпатычны, розумам не далёкі, усёж-такі ня п’е, грашэй не раскідае на лішнія роскашы. Ня бачым яго нідзе ў рэальнай рабоце, так што яно даволі цяжкавата сказаць, якім ён быў бы ў адносінах да людзей жывых.

Усе іншыя землеўласьнікі аджыўшыя людзі. Умеюць адно толькі — стагнаць на падаткі, што іх Варшава ня хоча падтрымліваць, што хутка скончыцца іхняя эра, што і зямлю ў іх адбяруць, як яны кажуць „галіцыякі“, а што там крыху астанецца,