— І павінна быць „ганцгутам“, бо выбірана не абы кім, а тваею з высокім густам каханкаю, да каторай ты раўні не падбярэш…
— Якой каханкай, што ты пляцеш?
— Такой, каторая з другімі любіцца, а цябе за нос стараецца вадзіць і водзіць. А ты яшчэ мне пляўдурыш, што я ёй не раўня… Дачка не абы якога купчыка, а я…
— Пустое ты мелеш. „Усё гэта, пне, глупства!“ — казаў той мой бацька, — прагугнавіў Гапук, патупляючы вочы. Ты думаеш, што калі яна з табой на сягодняшнім маскарадзе крыху пажартавала, як на нейкае кепства дзеля забавы, дык ужо яна цябе і любіць?.. Або табе здаецца, што мне моцна балюча абыйшло тое, што вы з ёю, абое, як вар’яты, ўцяклі ад мяне кудысь на звозчыку? Зусім не, а яшчэ наадварот, я стаяў, сабе, пацяшаўся ды толькі сьмяяўся з вашага дуру.
— І маладзец за гэта! — пахваліў яго Альфук. — Маладзец, што ня прыймаеш сабе блізка да сэрца гэтых пусьцяковін… Ну, а вось гэтую штучку, ад ейнага высочаства, ты прымеш ці няпрымеш? На, прачытай, але так чытай, каб і я чуў, што яна табе тут награмзоліла, — усьмяхаўся Альфук, дастаючы з кішанька, вісеўшай на рабры крэсла сваей камізэлькі, рудаваценькі купэрцік, на каторым выразна рысавалася пропісь адрэсу:
„Яго вялічаству, Агафону Агафонавічу“.
Гапук глянуў на адрэс, усьмяхнуўся і, сьціпна аддзёршы брыжок купэрціка, выняў з яго невялічкую, з абгарэлымі накальчыкамі, белую пісульку, пачаў яе голасна чытаць:
„Найкаханейшы велікастойны, Агафон Агафонавіч!
Я вас моцна, моцна кахаю… Каб даказаць вам, як я Вас моцна кахаю, пасылаю Вам гасьцінца дзьве бутэлькі смачнага прыемнага віна, недапітага мной з донам Альфонсам у рэстаране „Вір“… Дапівайце на добрае здароўе!
па Вас, маладзіца А — ля.