ніякага ценю хітрасьці, а, наадворот, толькі прыязную дабрадушнасьць, Гапук паднёс сабе да губы віно і прамовіў:
— У такім разе, я гасьцём тваім… п’ём нейкія пагодзіны і ўзновіны нашай старой прыязьні. Раз ужо гэтак, то няхай сабе будзець так, як ты хочаш. Бывай здароў!
— Бывай, бывай і валі яшчэ адну. Першая была за ўзновіны нашай дружбы, а другая няхай будзець у чэсьць геройскай мінуўшчыны і за слаўную будучыну тваей „Вялікай Шышкі“… Валі яшчэ адну!
— Не хачу, браток, цябе, у тваёй бондзе, на кошт наводзіць. Віно гэта дарагая рэч. Дзякуй!
— Нечага дзякаваць за сваё ўласнае, а, наадварот, мне трэба дзякаваць табе, бо гэтае віно не маё, а тваё.
— Як гэта яно маё, з якой прычыны? — ўзьдзівіўся Гапук, а сам сабе падумаў: „Калі не за грошы тэй крутахвосткі, то пэўна за нашыя супольныя з ім“…
— Пагадзі-ж ты, прахвост, я цябе паўчу як трэба абходзіцца з грашмі пабрацімскага запасу, я табе пакажу, як іх марнатравіць на гэтыя ласушкі пачастушкі… Аж пайду гляну ў „пабрацімку“…
Гапук выбраў у стале з шуфлядкі, перапоўненую серабром з грывень ды сараковак, круглякавастай формы выгляду, Зануковай работы берасьцяную пушку, адчыніў ейнае днішка, глянуў на зьмешчаны ў ёй супольны з Альфуком свой пабрацімскі скарб, як на нейкае лякарства ад „наглай ды неспадзяванай кішанёвай хваробы“, хваробы-голаду і, праканаўшыся, што грошы цэлы, нікім нячэплены, Гапук зачыніў берасьцянку і, паклаўшы яе на старое ейнае месца, зьвярнуўся да Альфука з пачуцьцём вінаватасьці:
— Перапрашаю, браток, што я на нашую, з табой касу кантроль наводжу… ну, што-ж, давай ужо вып’ем і па другой, трасца яе бяры, толькі вось што, ты ўсё-ж ткі павінен мне выясьніць сэнс гэтай нашай з табой выпіўкі, — згодзіўся Гапук на выпіўку. Ну, бывай здароў!
— Бывай, бывай… Ну, як патвойму, віно „гут“?
— Нават „ганц-гут“.