Перайсці да зместу

Старонка:Пабрацімцы і Вялікая шышка (1923).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ку, жаночага голасу, Гапук распазнаў у ім знаёмы яму голас панны Адэлі і моцна зьдзівіўся:

— Даўно яна там, з тым „Гаршкалёнкам“, села на звозчыка, а ўжо чуваць дома. Так хутка справілася — падумаў Гапук і саромліва падаўся ў бок са сьцежкі ў цьмярань подгальля дрэў гай-саду, каб унікнуць промя вакянічнага сьвету з Адэлінай спальні.

Гапук прысланіўся плячом да подгалі таўстога карандавастага дрэва і пачаў перадумаваць:

— „Якая чортава нячыстая сіла мяне сюды прыгнала, завяла мяне ў гэтае месца, дзе мне няма ніякусенькай патрэбы. Хіба-ж я п’яны? — Не, я неп’яны, ад дзьвюх выпітых чарак п’ян ня будзеш… Хіба ж я вар’яцець пачынаю? Мо ўсё тое, што я бачыў на балі і пасьля балю — гэта ўсё зданкі, галюцынацыі, галюцынацыі зроку, слуху і памяці. Можа і „вялікая шышка“ тая, што мяне так мучыла, — ня „шышка“, а толькі сон нейкі. Можа і Альфук з Адэляй, што селі на звозчыка ды паехалі кудысьці „на піва“, гэта было ні што іншае, як зданкі. І тыя сталага выгляду інтэлігентныя кабеты з курсісткаю паннай воляй, таксама былі зданкі?..

Тут-жа ж пры гэтым пытаньні, Гапук палез рукою ў запазушны кішэнь свайго пальта, дастаў з кішаня, адтрыманую ім у хвілю ягонага разьвітаньня з дамамі, ад курсісткі, візытную карталюшку і, запаліўшы серчанку, пачаў разглядаць. На карталюшцы выразным друкам рысавалася двухслоўе: Воля Празароцкая.

„Ну, не, — падумаў Гапук, — як там што, а Волечка гэта ня зданкі, а вось Адэля з Альфуком дык гэта чыстыя зданкі. Бо як-жа яна магла-б так хутка справіцца…

Была ўжо позная пара, па поўначы, на ўсходзе неба залачаць пачынала, горад спаў і навокал у спрэс гаспадарыла глуханемая ціш і сьлепазорая цьмярань.

Неўзабаве, пагасла і тое сьвятло, што блішчэла з вакна Адэлінай спальні. На адной з дарожак гай-саду зьявіўся нехта з ліхтарком трымаючы ў руках і, абсьвечаваючы ім сабе дарожку, пхнуўся к таму дрэву, пад каторым стаяў маркотлівы Гапук, пры сьвятле запаленай серчанкі, чытаючы на карталюшцы