рукамі, ні з вамі ў танец пайсьці, ні з вамі ў западручкі прайсьціся. Вось дзеля чаго мы, наўмысьля, з панам Альфонсам і ўзяліся наругацца вам розна, каб чымсь колеч ды вывесьці вас з цярплівасьці… „разадкрывеньнічалася“ панна Адэля перад Гапуком, каб апраўдацца, падстаўляючы яму, адтапырыўшы, свой локаць ў западручкі.
— А ўсё-ж ткі ты „добрая цаца“, як я праканаўся з грыміравальні, падумаў Гапук, бяручы яе ў западручкі на шпацероўку.
Шпацеруючы, па застароньню бальнай залі, узяўшыся ў западручкі з паннаю Адэляй, Гапук вёў сябе ўважна, далікатна і надта зьдзержна ў гутарках. Гапук гутарыў з ёю, як быццам нехаця і, ў бальшыне, на ейную з ім гутарку, стараўся адбывацца толькі аднымі паўслоўкамі: „Але, але, але“. Толькі згадзя, калі праз нейкія прычыны, ім патрабавалася на некаторы нядоўгі час разыйсьціся, Гапук да панны Адэлі загаварыў поўнаслоўем:
— Памойму, я вам-бы ня радзіў тут доўга марнець аж да самага дня, — заўважыў Гапук вынімаючы з-за пазухі свой гадзіньнік ды паказваючы ёй на ім час, — бачыце як, колькі часу застаецца да самай раніцы?.. Праз паўгадзіны, а то нават і раней, я буду, напагатове, стаяць на сходні вэстыбюлю і буду чакаць вас… Будзьце рупны і доўга не марудзьце… паедзем…
— Але, але, але, адказала Гапуку панна Адэля і, крутавертам панеслася да паклікаўшай яе, па йменьню, нейкай франтаватай, з падстрыжанымі пад „скобку“ валасамі, унівэрсталкі.
XII.
Якраз праз паўгадзіны ўгоджанага часу, пасьля „ўмовін“, Гапук быў ужо напагатове як выйсьці на вуліцу і, стоячы на сходні галоўнага пад’езду, пад’жыдаў „умоўленых“ выходзін панны Адэлі.
Скора, міма яго зыйшоў па сходні ягоны калега Альфук і зьнік за вулічныя дзьверы.