прыгожа? Ці даводзілася табе калі бачыць штось брыдчэйшага? Гэта-ж зусім непаненская рэч…
— Але што-ж тут у ім брыдкога? Хіба-ж ты ня знаеш, што такое скульптура, мастацкая скульптура. Адным словам, скульптурная штука, дый годзі.
— Ну і штука, добрая штука, нішто сабе штука. Схавай ты лепш гэтую штуку так, каб людзі добрыя яе ня бачылі, ды пасядзі з ёю хвілінку, а я тымчасам, зьбегаю да кіоскаў, мо’ там газэціну ці афішыну якую дастану і мы яе, гэтую „штуку“, ўпакуем, каб ніхто яе ня бачыў. З гэтымі славамі, Адэліна дружбантка зьнялася з услону і крута папёрлася ў той бок, дзе стаялі будкі-кіоскі, „грыбы“ ды „хаткі на курачых ножках“ і г. д.
Тымчасам рэзнула музыка струннага аркестру і распачаліся танцы.
Панна Ліза не пасьпела дабегчы і да першага найбліжэйшага кіоску, як прысучыўся да яе адзін са знаёмых ёй кавалераў і павалок яе на скокі.
А калі змоўкла музыка і ўняліся танцы, панна Ліза прынесла, для спавіўкі Мэфістофэля, аж цэлы плякат паперы, але ўжо было позна… поплеч з паннаю Адэляй, у касьцюме сярэднявяковага маркіза і з гітараю ў руках, паседжаваў пан Альфонс і з ласкаваю мінай твару перашэптаваўся з ёю на вуха. А між імі, на ўслоне, на фоне чырвонага плюшчу, адкрыта і легальна, бяз ніякага сораму, сядзеў сабе, ўсьпёршыся на свае хударлявыя калені, „пакрыўджаны“ Мэфістофэль, сумліва пазіраў на бальную залю, у той бок, дзе ў асыстэнцыі залатарогага чорта, ціха пхнулася з напрамкам да панны Адэлі, вялікая шышка.
IX.
— Пазвольце мне вам адрэкамандаваць, мадам Вялікую Шышку, — зьвярнуўся залатарогі чорт да панны Адэлі і дона Альфонса, стануўшы перад імі ўпоплечкі з распутаным і перагрымованым у адабу старой бабы і Гапуком, прыбаўляючы: няхай жыве вялікая шышка!