Перайсці да зместу

Старонка:Пабрацімцы і Вялікая шышка (1923).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

годзі, — жаліўся стары Гапон на свайго Гапука таму самаму папу, праз каторага Гапон паслаў свайго сына ў навукі.

— Ну, а як-жа ж там у школе ягоныя „усьпехі, успехі“? — дапытаваўся Гапона стары бацюшка, разглядаючы Гапуковыя рысункі.

— Якога там чорта „сьпехі“… Праз тыя абразы, што ў нас „чудатворнымі іконамі“ завуцца, і слухаць ня хоча, толькі чую адно, што цяўпець праз нейкія нячуваныя „футрысты“ ды „кадэнты“, „футрысты“ ды „кадэнты“. А тых, што чудатворныя абразы малююць, начы і не завець, як „багамазамі“. Няма дужа толку, толькі-ж адно тое, што вучоным робіцца.

Ну, што-ж зробіш, ня ўсім-жа і „душаспасіцельнымі угоднікамі“ быць, няхай хоць вучоным зробіцца і гэта няблага, — заспакойваў яго стары бацюшка, хітравата жмурачы яму свае старыкоўскія вочы.

Зусім штосьці іншае казаў стары Гапон, спаткаўшыся з Альфуковай маткай Занучыхай, або пасядаючы за чаркай гарэлкі са старым Зануком:

— Дзякуй Божаньку, за нашых дзетак, будуць людзьмі, нястыдна будзе ім на вялікі сьвет паказацца. Шмат чаго знаць пачынаюць і з чужнікамі абыйсьціся ўмеюць. Маюць чым залагодзіць вока вучонаму чалавеку. Хто ня ўбачыць іхныя „рэчы“, дык ня зьдзівіцца, не нахваліцца… Твой Альфук, дык зусім малайчына, толькі мой Гапук дык нешта нейкае… Зусім зьмяніўся зашмат гарадзкога, знаць, духу набраўся. Туды я яго выпраўляў, мяне таткам, а бабу маю, мамачкай зваў, а як адтуль вярнуўся то ўжо і не назавець нас начы, як мяне „Бацюшкам“, а яе „Матушкай“, як быццам я поп, а яна ў мяне пападзьдзя нейкая. А як назавеш яго Гапонам або часамі Гапуком, — дык разсердзіцца, хоць ты з хаты ўцякай ад ягонай злосьці. Які, кажа, я табе Гапук? — трэба, кажа, Гахвонам мяне зваць і „Ага“ прыбаўляць. Я-ж гэтак і раблю, заву яго так, як ён мяне вучыў: „Ага-Гапук хадзі есьці!“ „Ага-Гахвон — хадзі пойдзем сена паграбаем!“ — Няхай, сабе думаю, будзе патвойму, як ты хочаш. Ён і гэтым нездаволен, і за ўсе мае трафляньні — мужыком мяне называець: „Ты, — кажа, — бацюшка, мужык,