Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты хто такі ёсьць?

Грыша падняў памутнелыя, зацёкшыя крывёю вочы і сказаў:

— Студэнт Заплацінскі. Старая пані — мая бабка.

— А чаго ты прышоў сюды?

— Я йшоў на станцыю.

— А чаго ўцякау, калі табе казалі спыніцца?

— Баяўся…

— Баяўся, — працягнулі шырокія плечы: — значыць ёсьць прычына баяцца. Паказвай дакумант!

Колькі моманту Грыша стаяў, як-бы нічога не разумеючы.

— Дакумант твой дзе? — насядалі шырокія плечы. Грыша дзіка азірнуўся. Відаць, ён поглядам шукаў свой чэмоданчык, але яго тут ня было. Пачаў аглядаць кішэні. Рукі яго трасьліся, ногі не стаялі, падгібаліся. Ён асунуўся на зямлю і як-бы страціў прытомнасьць. Дакуманты ніяк не знаходзіліся.

— Якія там у шпіёна дакуманты! — крычаў хтось з натоўпу.

— Га, і дакумантаў няма! — зларадна крычаў рыжы.

Але дакумант знашоўся.

Разглядалі яго доўга.

— Чаму пячаць не на месцы? — прыдзіраўся чалавек з шырокімі плячамі.

Студэнт маўчаў; ён напэўна і ня чуў гэтага пытаньня.

— Вядзі яго, рабяты, на зборню.

Грышу паднялі. Хістаючыся, паплёўся ён, ледзь перастаўляючы ногі. Разам з ім зрушыў і натоўп.

— Браткі, родныя! — прасіўся Грыша: — што злога зрабіў я вам? Пусьцеце мяне!

— Там відаць будзе, што з табою рабіць.

Узышлі на горку. Недалёка стаяла царква, а каля яе быў роўны выган. На выгане таксама былі людзі. У ваднэй кучцы стаяў каваль Мамай і дзед Патап. Яны былі людзі набожныя і прышлі сюды ў царкву. Таксама мелася тут на увазе і коней сваіх дальш адвесьці на ўсякі выпадак. З натоўпу, які вёў Грышу, хтось аклікнуў каваля і дзеда Патапа.