Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Грыша з разгону штурхануў рыжага.

Рыжы паляцеў убок на некалькі крокаў, але ў гэты-ж міг нешта вострае і цяжкае чарахнула Грышу ў галаву каля вуха. Грыша пачуў, як-бы яго апякло агнём. На твар і за каўнер палілася кроў. Ён зрабіў яшчэ колькі крокаў. Ногі яго аслабелі, і ён тварам упаў на зямлю, а вочы яго заслаліся нейкім туманам.

Першы падбег да яго рыжы.

Высока ўскінуўшы дручок, рыжы з усяе сілы хваціў Грышу па сьпіне.

У захапленьні дзікага абурэньня рыжы крычаў:

— Бі шпіёна!..

Гэты крык як-бы прарваў нейкую заслону, якая агароджвае чалавека ад зьвера. Набегшы натоўп стаў біць студэнта чым папала, мясіць і таптаць яго нагамі, бо тут ня было месца ні розуму, ні пачуцьцю чалавека.

Бледны, акрываўлены, зьбіты, у сінякох, Грыша ляжаў нярухома. І толькі цяпер, калі была ўжо праяўлена найбольшая зьвярыная жорсткасьць, пачыналі сям-там прыходзіць да памяці; у вогуле-ж натоўп быў настроен варожа. Нават дзеці-падросткі пацяшаліся відам акрываўленага незнаёмага хлопца і рабілі жорсткія увагі, і злыя ўсьмешкі крывілі ім губы.

І толькі цяпер, калі Грыша ўжо быў ком зьбітага мяса, пачуліся пытаньні:

— Хто-ж гэта такі? Чый ён?

Толькі цяпер пачалі разважаць, якая віна чалавека, якога з такім акамяненьнем нядаўна білі.

— Глядзі, глядзі, ён яшчэ жывы!

Грыша застагнаў і павярнуўся. Узьняўшы галаву, ён абвёў поглядам натоўп і ціха сказаў:

— Браткі, за што? Мяне яшчэ вылечаць, я яшчэ буду жыць. Не забівайце мяне!

— Стой, рабяты, — пачуўся чыйсьці ўладарны голас, і шырокія плечы, адціскаючы народ, паказаліся з натоўпу.

— Распытаць яго трэба харашэнька, ды паглядзець дакуманты, — казалі шырокія плечы.