Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кусты (цяпер ён быў апошнім, за ім нікога ня было), прыгнуўся і шуснуў у яр, у кусты, прабег колькі крокаў, стараючыся не рабіць шуму, забіраючы ў гушчар і кіруючыся ў тое месца, дзе яр разгаліньваўся на многа яроў. Тут ён прыпыніўся і прыслухаўся. Нікога ня было. Толькі гарматы з кароткімі перарывамі бухалі і бухалі, пасылаючы ў горад снарады, ды дзесь правей вёскі тахкалі кулямёты.

І ўсё-ж самапачуваньне ў Грышы было няпрыемнае, бо ён выяўна цяпер стаў на шлях зрады. Нейкае нутраное пачуцьцё падказвала яму, што ён зрабіў нядобра. Нават быў такі момант, калі ён хацеў вярнуцца, каб далучыцца да сялян, але ня мог перамагчы ў сабе нейкага страху. Гэтая вайна, гэтая кроў, зьнішчэньне жывых форм жыцьця — навошта ўсё гэта? І яму, як ніколі, захацелася жыць, і ніколі такім мілым не здавалася гэта жыцьцё, як цяпер. Туляючыся між кустоў, як злодзей, як воўк, ён ішоў усё далей і далей. А гэта страшнае месца з кожным крокам кудысь адыходзіла і заціхала. Што-ж рабіць цяпер?

Трэба прабіцца да блізшае станцыі і калі ня можна вярнуцца ў Харкаў, то паехаць у які-небудзь горад, хоць-бы і ў Курск. Яшчэ з паўвярсты прашоў ярам, агібаючы вялікім крукам сваю вёску.

Прыпыніўся, прыслухаўся. Было ціха. Толькі гарматы, бухаючы глушэй і далей, надаедна напаміналі яму аб тым, што ён ухіліўся ад агульна-грамадзкай справы, што карцела яму нейкім бясслоўным дакорам.

Асьцярожна прабіраючыся па сухіх леташніх лісьцях між разгатых кустоў, Грыша папрабаваў падняцца ўгару па схіле яру, каб выйсьці наверх, бо й туляцца ўвесь час у яры таксама небясьпечна: лёгка можа паказацца, што ён асоба падазрэнная. Вышаў. Перад ім ляжала пустое поле. Недалёка ад яру бегла дарога, то падымаючыся на ўзгоркі, то хаваючыся ў лагчынках. Крыху паразважаў. Хацеў ужо пакіравацца на дарогу, аж зірк — на горку падымалася група коньнікаў. То быў разьезд. Грыша кулём пакаціўся ў яр. Ён моцна перапалохаўся і толькі тады пачуўся спакайней,