ўшасьцярых вышлі на вуліцу. Там іх чакала цэлая грамада людзей, гатовых ісьці на позыцыі.
Грышу паказалася, што на яго зірнулі варожа і падазронна. На душы ў яго было цяжка, усё роўна як-бы вялі яго на сьмерць.
— Ну, айда! — скамандваў Ільлюха.
— Сьмерць буржуям!
— Далоў контр-рэволюцыю!
Шэрая маса заварушылася і пацягнулася, падымаючы пыл, у бок возера. Хтось успомніў старую салдацкую песьню:
|
Дружно, ребята, в поход собирайся, |
— Добра, дзеткі, задайце немцу, каб помнілі акаянныя! — казаў дзед Патап, праводзячы ваяк.
Мінулі грэблю, падняліся на ўзгорак. Упередзе, крыху лявей, стаяў лясок, пераважна дубовы. Ён быў яшчэ бяз лісьця, толькі кустоўнік дзе-нідзе пачынаў выпускаць сьвежую зелень.
Сонца стаяла ўжо на поўдзені. З узгорку былі добра відаць далёкія і блізкія вёскі, вежы цэркваў і цэлыя рады ветракоў. У прыродзе было так слаўна. З кожнае лапінкі зямлі прабівалася новае жыцьцё, ціхае, лагоднае.
Прыветна пазіралі многадумныя сьветлавата-сінія далі, адзінокія ракіты, раскіданыя там-сям па дарозе. А сама гэта дарога! Мілая, слаўная! Яна бегла кудысь далёка адгэтуль і клікала з сабою ў новыя спакойныя краіны, дзе няма гэтае буры сьмерці, дзе ня чутно грому гармат.
Грыша йшоў маўклівы, пануры, адчуваючы страшнае адзіноцтва. Колькі раз азірнуўся назад, украдкай, як злодзей. Іх пасада, роўная дарожка, высаджаная ліпамі, высокія многавяковыя дубы пазіралі, як здавалася студэнту, тужліва і ўспагадна. А людзі, што йшлі з ім поруч, цяпер уяўляліся яму чужымі, варожымі. Яму страшна было ў кампаніі з імі.
А што, калі яны вывядуць яго ў гэты лясок і застрэляць? Хіба гэта для іх трудна? Забілі-ж яго дзядзьку.