Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Божая кара навісла над нашым домам, — бледная, як сьмерць, сказала старая паня: — о, божа, божа, — стагнала яна і ламала рукі.

І Грыша быў, як труп. Гэтая вестка яшчэ больш падкрэсьлівала няпэўнасьць цяперашняга часу, і тая небясьпека, якая пагражала яго ўласнаму жыцьцю, станавілася больш значнаю, больш рэальнаю. Свайго дзядзьку, Сяргея, Грыша вельмі добра помніў і любіў яго. Дзядзя Сяргей быў земскім доктарам, любіў просты люд і служыў яму чэсна.

Праўда, забілі яго зусім выпадкова. Гэтая сьмерць зрабіла цяжкае ўражаньне на Грышу. І калі сьпярша ён не згаджаўся сыйсьці адгэтуль на некаторы час і схавацца, то цяпер у яго было адно толькі жаданьне, адна думка: уцякаць, уцякаць у што-бы то ні стала.

На скорую руку ён адзеўся, захапіў ручны чэмоданчык, некалькі кніг на дарогу і, разьвітаўшыся з бабкаю, пакіраваўся ў сад другім ходам. Натальля йшла за ім, праводзячы яго з дому. Студэнт на момант прыпыніўся, глянуў на Натальлю.

— Ну, Наташа, прашчай!

Узяў яе за руку, паглядзеў ёй у вочы.

— Добрае тваё сэрца, Наташа! Ня ведаю чаму, але мне так шкода цябе, як нікога на сьвеце. Я гляджу на цябе, як на сястру!

І крэпка пацалаваў яе руку.

Дзяўчына ад нечаканасьці зусім замяшалася. Твар яе заліўся яркім румянцам. Потым яна заплакала, ці ад таго, што ён пацалаваў ёй руку, ці шкода стала хлопца, ці з другой прычыны. А ён ужо сходзіў з балькону ў сад.

У гэты час падыходзілі трое самамобілізаваных сялян. Двое другіх стаялі за кустамі язьміну, на тэй дарожцы, па якой трэба было прайсьці студэнту. Яны вышлі яму насустрэч. Гэта былі яго знаёмыя хлопцы, з якімі ён хадзіў на сходкі. Але цяпер яны былі зусім не такія, якімі ён іх ведаў звычайна.

Сур‘ёзна і дзелавіта аб‘явілі яму волю народу і вярнулі яго назад. У панскім доме спаткалі яшчэ трох дзяцюкоў і