слалі нас к вам сказаць, што ім трэба дапомога. Таварышы! Наша ўлада, нашы правы ў нашых руках, але іх хочуць вырваць ад нас. Падтрымайце-ж нас у змаганьні з контр-рэволюцыяй, падтрымайце ўласную справу. Хіба-ж вы захочаце зноў стаць нявольнікамі й пакорна прасунеце шыю ў панскае ярмо. Хто ўмее страляць, а сярод вас ёсьць многа салдат, ідзеце ў нашы рады. Бярэце вінтоўкі, ідзеце на позыцыі, бо вораг — на парозе вашых хат! Далоў гвалтаўнікоў! Няхай жыве рабоча-сялянская ўлада!
Сярод сялян узбудзіўся нязвычайны рух, абурэньне. У іх вачох загарэўся агонь помсты, абудзілася стыхійная сіла, гатовая зьнесьці ўсё з дарогі.
— Даць помач! — крыкнуў хтось з грамады.
— Даць! Даць! — пранеслася бура галасоў.
— Хто йдзе — станавіся сюды! — заглушаючы шум натоўпу крыкнуў Ільлюха Бліноў, і сам выскачыў на прагал. У нямецкаю вайну ён камандваў узводам і быў заслужаным старшым унцер-афіцэрам.
— Рота, ка мне! — крыкнуў ён зноў, як ротны камандзір, і расставіў рукі, даючы знак, каб рота зьбіралася.
Адзін за другім, а то й цэлаю грамадою павалілі да яго ахвотнікі. Праз мінуту ваяк набралася на паўроты.
Мобілізацыя прашла борзда!
— Дзякую вам, таварышы, — кланяўся ім прамоўца.
— І паніча забраць з сабою! Няхай пакажа на дзеле, а не языком, што ён за народ стаіць.
— Забраць, забраць! — загрымелі ваякі.
Другая вестка ў доме старой пані згусьціла яшчэ больш і без таго згушчаны страх.
Чуць толькі вашоў Грыша з Наташай у дом, не пасьпеўшы нават абсудзіць з бабкаю, што рабіць, як з суседняе вёскі, дзе жыў іх сваяк, адстаўны ротмістр, ім далі знаць, што два дні таму назад быў забіты родны дзядзька Грышы, брат яго мацеры.