бірае, дзе палын горкі і дзе пшаніца. Такі ўжо яе закон. Рэволюцыя — тая-ж самая навальніца. Хто вінаваты? Ніхто і ўсе.
— Я не разумею цябе, Грыша, — кіпяцілася старая паня: — як можаш ты гаварыць так. Забілі бяз сэнсу, бяз усякае патрэбы яго бабку, цётку, а ён кажа: „Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты“. І чаму ўсе? Тады й я ў гэтым вінавата?
— Так, бабуня, вінаваты й вы.
— Можа ты й вельмі адукаваны, але ў нашыя часы так не гаварылі студэнты, — прамовіла гнеўна бабка: — дагаварыцца да такой недарэчнасьці! Вось вы, бабуня, моліцеся богу…
— У тым і ўсё няшчасьце, што вы бога забылі, — перабіла ўнука старая паня.
— Бог за грахі аднаго раданачальніка клаў пракляцьце на ўвесь яго род, бабуня.
— Ты вырадак, Грыша. Значыць, будзе справядліва, калі і табе ў бок засуне вілы які-небудзь Міхалап ці які там Пракоп, з-за якіх ты так крыжуешся?
— Ня ведаю, бабуня, ці справядліва гэта, але што так можа ня стацца, то за гэта нельга паручыцца: усё можа быць.
Старая паня зірнула на ўнука, і сэрца яе пачула нейкую жаласьць. Каб прыпыніць гэту размову, яна пачала плакаць аб нябожчыках і аб самой сабе.
Грыша так захапіўся водгульлем недалёкаго бою, што не заўважыў, як да яго падышла Натальля.
— Грыша, — з нязвычайнаю трывогаю ў голасе аклікнула яго дзяўчына.
Студэнт здрыгануўся, зірнуўшы на яе. Грыша быў моцна зражаны яе відам. Натальля была бледная, перапалоханая.
— Што з табою, Наташа?
— Уцякайце, хавайцеся, Грыша!
Студэнт яшчэ больш перапалохаўся. Ён нічога не разумеў і пужліва пазіраў на дзяўчыну, у яе ясныя вочы, у якіх адбіваўся страх і трывога.
— Уцякайце, уцякайце, Грыша, і чым хутчэй, тым ле-