Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Бум-бум! — грымела ў трэцім месцы.

— В-о-о-о! — працягнуў тоненька дзед Патап.

Усе раптам змоўклі і пабляднелі ад страху. Піліп Хамуток шпарка пагнаў свайго коніка, уцякаючы дальш ад вайны. За ім у здагон пусьціліся, заядла брэшучы, сабакі з двара крупарушніка. Патрывожаныя сабакамі качкі мятнуліся ўбок. Громка загаргаталі на выгане гусі.

А сонейка сьвяціла ласкава і лагодна на ясным небе.

II

Трывога і неспакой былі ў панскім доме. Першыя гукі гармат абудзілі старую паню.

— Што гэта? Наташа, Наташа! — клікала пакаёўку старая паня, абапёршыся локцем на пухавую падушку.

— Бум, бум, бум! — зноў загрымелі страшныя гарматы. Старыя сьцены панскага дома першы раз за сваё доўгае спакойнае жыцьцё здрыгануліся моцна, парывіста, і крэкнула размаляваная ў турэцкім гусьце столь.

— Д-р-р-р! — жалобна забразгацела ў шыбах тонкае халоднае шкло, нібы чагось плачучы.

Убегла пакаёўка, маладая стройная дзяўчына.

— Войска ў Рудаўцы стаіць, выбіваюць немца з гораду. Немец у горад вашоў. Ой, што-ж гэта будзе? — узбураная страхам казала дзяўчына.

— Божа міласьцівы, зьлітуйся нада мною! — прастагнала старая паня.

Ёй страшна, страшна, старой пані. Яна пачула, што нейкія варожыя сілы націскаюцца з усіх бакоў, як-бы на яе наступала бурлівае мора, каб зьмесьці яе і пахаваць у цемры свайго бяздоньня.

Яна бачыла вакол сябе цёмны вір, які нямінуча зацягне ў сябе яе жыцьцё. А здарэньні апошніх дзён, сьмерць яе сястры і нявесткі, якія былі забіты ў сваім маёнтку, яшчэ больш падкрэсьлівалі думку аб чымсьці страшным, грозным, неадхільным. Кожны крык на вуліцы, кожная чалавечая фігура веялі на яе подыхам сьмерці.