рыбы ловіць, чорт ведае колькі — вёдрамі цягае! Праўда, Мамай ня раз ішоў з рыбы з пустым вядром, але ў чужой руцэ кусок здаецца заўсёды большым.
Крыху пастаяўшы, дзед павярнуўся і пашоў назад на горку. На горцы стаялі старыя выносныя дубы. Ладныя дубы! Зваліць-бы вунь таго, што на водшыбе стаіць ды папілаваць, слаўныя-б былі дошкі! Крыху ўлева, ня больш як паўвярсты ад панскага дому, была пасада яшчэ аднаго земляўласьніка, але ён зьбег адгэтуль, як толькі пачалася гэта завіруха.
Ой, быў гад!
Бывала, чуць адна ступіць скаціна на яго поле, дык зараз-жа зойме і ўжо, не садраўшы штрафу, ня пусьціць з двара. Затое-ж ад пасады яго засталіся толькі слупкі ды падлога, але добрыя людзі ўжо пачалі выдзіраць дошкі і з падлогі.
Дзед Патап паразважаў трохі над пытаньнем, як-бы і яму садраць з пару дошак, бо людзі разьбяруць, а яму дошкі патрэбны.
Вярнуцца назад панскім дваром дзед не адважыўся. Ён зноў спусьціўся ўніз, прашоў каля свайго коніка. Прыпыніўся.
— Малая, брат, спажыва для цябе, — прамовіў дзед да каня і паківаў спагадна сівой галавою.
Туляючыся ў кустох, пашоў між садам і возерам, кіруючыся на Мамаеву кузьню. Тут дзед знашоў сабе пералаз і вышаў на вуліцу.
Вёска памалу зачынала свой звычайны дзень. Губанова „маладайкя“ йшла па ваду. Крыху ніжэй кузьні быў калодзеж. Дзед Патап прыпыніўся каля кузьні: ня вельмі вялікая прыемнасьць спаткацца з бабаю ды яшчэ з пустымі вёдрамі.
Дзед пачаў нават прыпамінаць, каго ён бачыў сёньня першага: мужчыну ці кабету, бо калі ты выходзіш зранку на двор і першую згледзіш бабу, то гэта знак кепскі — будзе якая-небудзь няпрыемнасьць. Аказалася, што першы, каго бачыў дзед, быў каваль Мамай. Хоць і Мамай невялікае шчасьце, але ўсё-ж такі лепш, чым баба. Сям-там над хатамі заклубіўся дым. Дзед Патап таксама зьвярнуў увагу і на дым: з якога боку йдзе вецер, ці ня зьбіраецца часамі дожджык. Але