будзе ўлады чырвоных. Раман колькі разоў абменьваўся думкамі з людзьмі і яшчэ болей праконваўся ў тым, што верх возьме Дзянікін, і ўжо пачынаў чакаць яго. Тымчасам прыбліжэньне фронту і сур‘ёзнасьць палажэньня адчувалася моцна. Прыходзіла войска, разьмяркоўвалася на больш-менш доўгі час, а праз дзень, другі, яно кудысь выходзіла. Прыбывалі новыя вайсковыя часьці, але доўга не затрымліваліся і перакідваліся то на адзін, то на другі пункт фронту.
А гарматы грукацелі бліжэй.
Раман чутка прыслухоўваўся да ўсяго, што рабілася вакол. Вайна была ўпартая, і часта фронт хістаўся то ў адзін, то ў другі бок, а разам з гэтым то падымаліся, то ніклі надзеі заможнікаў і беднаты. Калі ўдача была ў чырвоных — ажывала бедната і паказвалася на вуліцы. Тады можна было пабачыць і Пятра. Ён выхадзіў на вуліцу, шырока расстаўляў ногі і казаў:
— Не, брат, зьбілі Калчака — таксама далёка зашоў, — саб‘юць і Дзянікіна. Усяго народу на ашукаеш і за белы хлеб ня купіш… Што тут талкаваць? Рана вам радвацца, — і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў.
Пры спатканьні з Раманам, Пятро ня мінаў казаць:
— А гарматы ледзь-ледзь ужо чуваць.
Раман дыплёматычна адказваў:
— І дзякуй богу! Ты-ж думаеш, добра было-б, каб фронт прашоў праз наша сяло?
Так казаў Пятру, а сам думаў ня тое і адчуваў засмучэньне, асабліва пасьля таго, калі яго залучылі ў абоз чырвоныя і патрымалі яго з тыдзень, а ў гэты час невядомыя ласуны крыху пахадзілі каля вульлёў без дазволу Рамана.
Раман зноў зьбіраў навіны і, нават, заходзіў да бацюшкі пагутарыць аб справах вайны.
Бацюшка стаяў у самым асяродку навін і на справу пазіраў сьветлаглядна:
— Думаеш, яго сілаю прымусіш адыйсьціся? — казаў бацюшка: сам адступіў, бо правае крыло на фронце Ўрангеля