— Па гарматах чуваць, што па гэты бок Белгараду бой ідзе, — адказаў Іван, высокі шырокаплечы дзяцюк, адзеты напалавіну ў казённае.
Раман пачухаў патыліцу.
— Але вось што, Іванькя, — вымаўляючы слова „Іванька“ на курскі лад, сказаў Раман: — па вёсках, кажуць, зьяўляюцца вайсковыя атрады, ловяць дэзэртыраў, а гаспадарку іх нішчаць, не захапілі-б і цябе.
— Такія выпадкі ўжо былі, — панура адказаў Іван: — на Данскім хутары з трох двароў пабралі каровы і коні; дзядзя Кандрат сказываў.
— Пабралі?! — апаўшым голасам спытаў Раман: — бач, ты, якія дзяла.
Памаўчалі.
— Нічога, баця, не паробіш, а йсьці-та трэба.
Раман уздыхнуў.
— Ах, ты грэх які! э-хэ-хэ! — цмакаў Раман і чухаў патыліцу.
— А ты, Іванькя, глядзі, з розумам рабі: убачыш, што дзела ня выходзіць, дык ты… таго.
— Ведаю, баця, вайсковую службу, — усьміхаючыся адказаў Іван: — варон страляць ня буду, а „прымяніцца да меснасьці“, як вучыць салдацкая мудрасьць, здарэньня не прапушчу.
Так разважаючы, бацька і сын чулі нейкую фальш і стараліся не глядзець адзін другому ў вочы.
— Якая гэта вайна, — стараўся Раман знайсьці якое-небудзь апраўданьне: — хіба гэта вайна?
У хаце за сталом яшчэ пагутарылі аб тым, што Івану трэба йсьці на службу. Бабка Параска, жонка Рамана, трохі плакала па Іване, але ня моцна, бо ўжо прывыкла да яго частых мобілізацый. „Маладайка“ Матрона, Іванава жонка, была маўкліва. Іван толькі зімою пажаніўся з ёю, і жылі яны надта згодна. Матрона была высокая, стройная, прыгожая жанчына. Відаць, яна вельмі маркоцілася, што Іван заўтра пойдзе. Яны часта заставаліся ўдваіх і ціханька перакідва-