Перайсці да зместу

Старонка:На рубяжы (1925).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З гэтым Пятро яшчэ пагадзіўся-б, бо што рабіць, калі хлеба няма, калі сама Масква, дзе жыве душа і мозг рэволюцыі, — галадуе. Туды трэба даваць хлеб, трэба падтрымаць тых, у чыіх руках знаходзіліся лёсы рэволюцыі. Але куды-ж ішоў хлеб, рэквізаваны ў багатых гаспадароў? Ён расходзіўся па руках спэкулянтаў, яго адвозілі ў Рыбінскія Буды і выменьвалі на самагон. І ўсё гэта рабілася з ведама Хведзькі Кандратава. І гэта называецца комітэт беднаты!

— Вось хто капае магілу савецкай уладзе, — у абурэньні душы казаў Пятро: — такіх сволачаў трэба гнаць, расстрэльваць такіх гадаў!

Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, мужык сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар.

Раман сядзеў пад дубам, то прыслухоўваючыся да грому гармат, то паглядаючы на падарожных. І цікава: у тыя моманты, калі заціхалі гарматы і доўга ня чуваць было іх грому, Раман чагось маркоціўся, як-бы для яго нешта трацілася; калі-ж іх грукат зноў дрыгацеў у паветры, калышучы і поўнячы яго грознаю музыкаю зьнішчэньня, Раману зноў рабілася страшна і разам з тым і прыемна, бо ў гэтым грукаце чуецца нейкая моц, ёсьць бура жыцьця, а кожная бура і палохае і захапляе.

II

Пятро і Захар ужо былі недалёка. Раман разьвязаў кісет у той надзеі, што ўжо адзін выгляд гасьцінна разьвязанага кісета зьверне на сябе увагу падарожных і паслужыць яшчэ аднэю зачэпкаю для таго, каб Захар з Пятром прыселі тут, тым болей, што тутун меўся ня ў кожнага, бо трудна было доставаць яго.

І ён не памыліўся. Пятро і Захар падыходзілі сюды, су‘рёзныя і задумлёныя.

— Чуеце, як грукоча? — Такім запытаньнем спаткаў Раман падарожных.

— Здорава жараць, — адказаў Захар, здароўкаючыся з Раманам.