— А ад Псяльца ён болей не ваяка, — дадаў Пятручок і засьмяяўся.
— Псялец… — прамовіў Карага. У яго чуць-чуць не сарвалася няўмысьля, што там стаіць штаб іх дывізіі.
Абстаноўка, як відаць, складаецца прыхільна для яго.
Памаўчалі.
Дакурылі папяросы.
Ахрэменка, Пятручок і Карага адразу пачуліся, што ў іх ёсьць нешта такое, што злучала іх і рабіла блізкімі па душы, ня гледзячы на рознасьць іх характараў і на тыя дарогі іх жыцьця, па якіх яны йшлі дагэтуль і якімі хацелі-б пайсьці далей.
Карага сядзеў, апусьціўшы галаву, і штось думаў. А потым ускінуў погляд на сваіх таварышоў-канвойнікаў, правёў рукою па лобе, усё яшчэ разважаючы аб тым, ці варта даваць адказ на прамову Пятручка, дзе так пуката вызначылася неразуменьне і няўменьне разьбірацца ў грамадзянскіх пытаньнях, ці лепей памаўчаць. Але ўсё казала за тое, што выказацца трэба, каб аб ім судзілі болей справядліва і каб не пазіралі на яго, як на нейкае страшыдла з вывескаю „комуністы“.
Таксама важна і тое, каб яны на гэту вайну глянулі з другога боку.
— Так, братцы мае, — пачаў Карага нясьмела: — вайна наогул дрэнная рэч, ніхто яе ня хоча, кожны яе праклінае, і тым ня меней мы ваюем. Чаму-ж гэта так вышла? Ваявалі з немцамі, з аўстрыякамі, з туркамі, з баўгарамі, а цяпер вось самі з сабой ваюем. Калі пачыналі першую вайну, то не запыталіся ў мяне з вамі, хочам мы гэту вайну, ці не. Нас проста пагналі, як жывёлу, пад нямецкія і аўстрыяцкія кулі. А хто пагнаў? Нас пагнаў капітал, — наш і чужаземны; нас пагналі буржуі, багатыры, дваране, тыя самыя прадстаўнікі багатых кляс, у чыіх руках была ўлада, тыя самыя драпежнікі, што выцягалі з нас жылы й без вайны. Яны не пагадзіліся між сабою, кінулі свае народы, сялянства і рабочых у гэту крывавую калатушу. Але ня вытрымалі мы.