тых форм новага будаўніцтва, у якія выльлецца гэтае жыцьцё. Дый само па сабе гэтае жыцьцё так цікава. А ён, па праўдзе сказаць, яшчэ й ня жыў. То бадзяньні па вастрогах у царскія часы, то работа ў партыі, то гэтая вайна… Ніколі раней ня думаў ён аб сьмерці, а вось цяпер яна ўспомнілася.
Ён колькі раз скоса аглядаў сваіх канвойнікаў, незаметна паварушваў зьвязанымі рукамі, пробуючы, як моцна яны зьвязаны; і акідаў вачыма гэтыя, такія мілыя, такія павабныя далі, што больш і больш вырысоўваліся і асьвятляліся ясным усьмехам новага дня…
„Эх, умелымі рукамі зьвязаны яго рукі! І трудна ўцякаць цяпер… Не, лепш пачакаць, а можа добрае здарэньне падвернецца яму. Ня можа быць, каб ён яшчэ не пажыў на сьвеце“.
Дадаўшы больш вясёлую выразу свайму твару, Сяргей сказаў:
— Эх, братцы! Курнуць бы, эх, курнуць!
— Да гэта бадай што і не пашкодзіла-б, — прамовіў старшы Булякін.
Перад імі ўперадзе стаяла старая разложыстая вярба. Параўняўшыся з ёю, Булякін весела, жартліва скамандаваў:
— Стой! Аправіцца, пакурыць!..
— О, гэта голас! — прамовіў Пятручок.
Канвойнікі і іх палоньнік спыніліся пад вярбою, зараз-жа падаставалі кісяты і пачалі вярцець папяросы. Карага сядзеў са зьвязанымі рукамі, чакаючы, што будзе далей. Самому яму не хацелася прасіць, каб яму разьвязалі рукі.
— А ты чаму ня робіш папяросы? — зьбіваючы на украінскую мову, спытаў яго Ахрэмэнка, — ня то, каб пасьмяяцца, ня то, каб зьвярнуць агульную ўвагу на зьвязаныя рукі Карагі.
— Дзівак, ты, — адказаў яму Пятручок: — ці-ж ты ня бачыш, што ў яго рукі зьвязаны?..
— То як-жа ён закурыць? — пытаньнем адказаў Ахрэменка.
Ахрэменка й Пятручок зірнулі на Булякіна.