— Ты — комуністы? — ужо груба і злосна прамовіў паручык-карнілавец.
— Я — салдат Чырвонай арміі.
— Чаму-ж не ўцякаў ты, жыдоўскі найміч, разам са сваім збродам?
— Прашу быць вежлівым! Я з вамі на грабяжы не хадзіў, гэта раз! А другое — я хацеў паказаць яшчэ нястойкім салдатам Чырвонае арміі, як павінен уміраць чэсны салдат.
— Зраднік!..
Паручык-карнілавец выхваціў шаблю й са ўсяго размаху секануў яго па галаве. Падскочылі другія карнілаўцы. Абліты крывёю Ваганаў бяз слова, бяз зыку асунуўся пад калёсы гарматы.
Вось гэты вобраз штабс-капітана Ваганава й яго сьмерць нязвычайна яскрава ўявіліся цяпер перад вачыма Сяргея Карагі і паддалі сілы яго духу.
Ён пачаў разважаць больш спакойна.
Адвёўшы на момант свае вочы ў бок яру, а гэты яр, тым ня меней, усё больш і больш займаў думкі Сяргея Карагі, — ён зноў зірнуў перад сабою… Што за чартоўшчына: перад ім нікагутка ня было.
„Што за праява?“ падумаў Сяргей і пачуў, як па яго сьпіне захадзілі мурашкі. „Напэўна замысьлілі штось і, відаць, палеглі на зямлю“. Усё цела яго сажмалася; ён пачуў боль з боку лба, як-бы ў гэта месца вось-вось паляціць куля, бо Сяргей чакаў, што ў яго пачнуць страляць. Але момант прашоў і нічога такога ня здарылася.
— Куды-ж яны дзеліся? — круціў галаву Сяргей, і нейкі невядомы страх агарнуў яго душу. Ён пачуў, што ня можа больш аставацца тут. „Трэба прабірацца к яру“, — і яго вочы йзноў пазіралі на яр. Ён ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору.
„А слаўная разорка!“ падумаў Сяргей.
Над гэтаю разоркаю якраз выступала досыць высокая мяжа, абросшая травою, і такім чынам рабіла яго незаметным. І ён папоўз, — папоўз ціха, лоўка, як вуж, як-бы паўзуном ён і на сьвет радзіўся. Крыху замінала вінтоўка, але скора