Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А калі возьмецца яна за работу, то гэта работа гарыць у яе руках. У яе багатая памяць, назіральнасьць і крытычны падход да справы. Ад яе можна даведацца гісторыю двара пана Тарбецкага. А гісторыя гэта багата і цікавая, і выходзіць яна далёка за межы двара. Я ня буду чапаць яе тут, спадзяючыся, што яе напішуць гісторыкі-спэцы, якім таксама здаралася быць членамі колектыву пана Тарбецкага.

Ніхто, як Самабыліха, ня ведае і закулісных падзей у гэтым колектыве, калі члены яго, завёўшы між сабою зацяжную і зацятую сварку, наймаюць прачку Грынду і Марысю Шпалу, каб яны, як спэцы свае справы, дапяклі іх праціўніка сваімі сібірнымі языкамі.

У заключэньне прыходзіцца пашкадаваць, што наш жанаддзел да гэтага часу не залучыў у свае рады швачкі Самабыліхі, бо ў яе асобе ён траціць значны талент.

VI

Самы ціхі, самы забіты, загнаны і малапрыметны член колектыву пана Тарбецкага гэта — поп Лагода. Жыве ён дзесь па суседзтву з прачкаю Грындаю. Ходзіць ціхенька, апусьціўшы ў землю вочы, і стараецца як мага меней пападацца людзям на вочы, як-бы ён зрабіў нейкае цяжкае праступленьне. Акуратна перад кожным сьвятам у паложаны час ціха выходзіць ён з двара, пануры, замкнуты, посны.

Што ён думае, ідучы на набажэнства? Напэўна, аб тым, колькі перападзе на яго долю медзякоў, каб купіць на іх самае патрэбнае, без чаго так цяжка жыць. А можа папракае сябе, што памыліўся і пайшоў у папы і што памылку сваю трудна паправіць, бо ў яго няма жыцьцёвага спрыту. Часамі яго думкі рассунуць вузкія межы горкай праўды і разгорнуць перад яго вачамі траячку або нават і цэлы чырвонец з сярпом і молатам у прыгожым вяночку. Тады вочы яго засьвецяцца радасьцю і надзеямі, і ногі цьвярдзей ступаюць па гэтай грэшнай зямлі, дзе ні папу, ні богу цяпер няма разгону. Другіх думак амаль і ня бывае ў Лагоды. Але скупыя сталі людзі, адпала іх шчырасьць да царквы, і ў пустых яе сьценах разносіцца глуха і вяла голас профэсыянала, страціўшага грунт пад, нагамі. І вера бяз грошай, як і лампадка бяз масла, чэзьне і гасьне.

Зацягвае Лагода „мірам госпаду памолімся“; халодныя муры падхопліваюць яго дзеравяны голас і нейкім жудасным гудам кідаюць яго ад сьцяны да сьцяны, покі ён не прападзе ўгары. Пуста ў цэркві. Мала народу. Некалькі стоптаных бабулек ды мужчын прышло сюды, каб падбаць аб сваёй душы,