Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзён за дзесяць да таго дня, калі трэба было варыць брагу, запытаў доцэнт пра солад.

— На печы жыта сушыцца! Пасьлязаўтра і солад будзе.

„Пасьлязаўтра“ аказалася, што солад у печы сушыцца.

А ён-жа ў цябе на печы сушыўся? — занепакоіўся доцэнт.

Самабыліха пальцам ткнула ў доцэнта.

— Чалавек! трэба, каб на солад жыта ў печы паджурылася. Ня верыш? Ідзі паглядзі! Толькі мой Самабыль ня любіць, калі хто печ адчыняе, бо там яго тутун сушыцца на блясе.

Нарэшце прыносіць Самабыліха солад. Але доцэнт і да гэтага часу ня ведае, з чаго быў прыгатован Самабылісін „солад“. А гэта проста быў зьмелен у ручным млінку падгараны авёс, і брагі з яго ня вышла. А калі доцэнт, угневаны, стаў выкідаць усё гэта Самабылісе на вока, то яна сказала:

— Бо ты забыў свой рэцэпт, дык і брага ня вышла.

Марыся Шпала — жанчына хітрая і прабеглая, але і яна папалася на Самабылісіну вудачку:

— Вось ведаеш, сястрыца, — казала ёй Самабыліха, сустрэўшы каля калодзежа: — заўтра — Сёмуха, а ў мяне — ні масла, ні малака, ні яечка. Няма чаго ў цеста палажыць, хацела піражок сьпячы. Ведаеш што: пазыч мне яец, а я табе сьпяку булачку?

Пагналася на піражок Марыся. У яе былі куры, і яечкі ў запасе вадзіліся.

— На, вазьмі — вынесла яна поўдзёсятка яец,

Сьпякла Самабыліха булкі. Прыходзіць назаўтра Марыся.

— Ці ведаеш, мая сястрыца, што? Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася, а мой Самабыль — вось чалавек і не сьляпы здаецца! — наклаў туды дроў і печ падпаліў. Усе булкі пагарэлі, адны толькі бляхі засталіся.

Адным словам, ня было таго чалавека ў колектыве пана Тарбецкага, якога не павадзіла-б за нос Самабыліха. І тым ня меней аўторытэт яе ад гэтага ніколечкі не парушаўся, бо гэта проста была ўжо такая патрэбнасьць яе натуры. Але было ў ёй і нешта такое, што прымушала адносіцца да яе з павагаю.

Ніхто не адгукнецца з такою чуткасьцю да чужога гора, як швачка Самабыліха. І калі здараецца такая патрэба, што прыходзіцца сапраўды дапамагчы каму, то яна кіне сваю кватэру, работу, дзяцей і Самабыля і будзе цэлы дзень хадзіць з табою па ўстановах, дабіваючыся права і абароны. Яна, як ніхто, дасьць належную параду, накіруе ў адпаведнае месца і, ня гледзячы на сваю няпісьменнасьць, ведае ня горш адвоката кодэкс законаў. У яе-ж знаходзяць прыпынак людзі, пакрыўджаныя жыцьцём, часта чужыя і мала знаёмыя ёй, галота, што ня мае дзе прыхіліць галаву і зацяць за што рук.