Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добры! — кажа з вясёлаю мінаю.

— Ну, я-ж табе казала, што будзеш мець капоцік. Але ведаеш, сястрыца, прыехала Ганна Лагуноўская, над каркам стаяла, каб дзецям сукенкі пашыла, — ня мела часу пашыць табе. Ну, але нічога: прыходзь у тую нядзелю — будзе гатова.

Праз месяц ізноў прыходзіць будачніца.

— Ну, як-жа, Самабыліха, капоцік?

Самабыліха трасе гаротна галавою.

— Ведаеш, сястрыца, што? Украла той сацінік мая дзеўка, каб яе халера! Украла і сама прапала!

Будачніца ўздыхнула.

— Ну, але я табе сказала — пашыю, дык будзь спакойна — пашыю… Што ты зробіш!? прапала маё!

Прышла будачніца ўжо месяцы праз чатыры.

— От каб іх халера, гэтыя гандляры! спаткала Самабыліха будачніцу і рукамі замахала: — набрала табе ў Левіна саціну. Лепшы яшчэ за той! Прынесла дадому, разгарнула — аж там дзьве вялікія дзіркі — вала працягнеш! Панесла яго: назад і кінула яму ў морду.

Будачніца толькі слухала, уздыхала ды галавою ківала. Прайшоў год і некалькі месяцаў, покі дачакалася яна капоты. І Самабыліха сказала ёй:

— Вось бачыш, сястрыца. Хоць і доўга чакала, затое-ж маеш цяпер новую капоту. А так-бы знасіла даўно і забылася-б аб ёй.

Хто ня згодзіцца, што гэта ня праўда?

Справядлівасьць вымагае зазначыць, што ні было яшчэ такога зларэньня, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Год пройдзе, два і болей, але што яна паабяцае, то ўжо зробіць. Гэтым і можна растлумачыць, чаму ўсе члены колектыву пана Тарбецкага, так добра ведаючы Самабыліху, як чалавека з багатаю фантазіяй і з нахіленьнем да розных комбінапый, зварачаюцца да яе, калі каму прыходзіцца крута:

Так было і з доцэнтам.

Зьбіраўся доцэнт адсьвяткаваць сваё нейкае сьвята. Гарэлкі ня было, і дастаць сьпірытусу было надзвычайна цяжка, а выпіць хацелася. Доцэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п‘яным рабіўся. Ня было толькі ў доцэнта соладу, і дзе дастаць яго, па сваёй вучонасьці ён ня ведаў. Ня гледзячы на тое, што ён зарокся да Самабыліхі за паслугамі зварачацца, прышоў такі да яе.

— Вось глупства! — і засьмяялася зьняважлівым сьмехам Самабыліха: — каб чаго добрага — соладу! Я сама нагатую столькі, што хоць бровар адчыняй. Жыта ёсьць, намачу, прарашчу, высушу, занясу ў млін зьмялю — і вары колькі хочаш, хоць пуп расьперажы!