Да гэтага часу сваркі вяліся і вядуцца саматужным спосабам, а трэба было-б злажыць простую, усім даступную, схэму для практычнага карыстаньня ў інтарэсах экономіі часу і фізкультурнага выхаваньня. Тут, здаецца, зацікаўлен і сам НОТ, — павінен быць зацікаўлен.
На гэты раз мяцеж падняў Сьцёпка, брат Анэты і сын прачкі Вараксы. Сьцёпку восем гадоў, ходзіць ён у чырвонаармейскай шапцы. Шапка дасталася яму ад Анэцінага мужа. Гэты муж, павялічыўшы колектыў пана Тарбецкага на аднага чалавека, зараз-жа зьнік. Ад яго засталася тут адна шапка да вось гэты „алімэнт“. З віду Сьцёпка ціхі хлопчык, але ваяцкага запалу ў ім досыць многа. Можа ў гэтым трохі вінавата чырвонаармейская шапка, якая па сваёй ужо профэсіі абавязвае да ваяцкасьці. Ваяцкасьць малога Сьцёпкі выявілася ў тым, што ён даў у зубы санітарысінай дачцы і засыпаў пяском вочы Вадап‘янаваму сыну, — дубальтовае праступленьне! На Сьцёпку напалі санітарыха і Пронька, сястра Вадап‘яніхі, дзяўчына гадоў пад сорак. Варакса і Анэта кінуліся ратаваць Сьцёпку. Падняўся гармідар. Сварка зараз-жа адхілілася ад сваіх об‘ектаў і пайшла па другому кірунку. Пронька счапілася з Анэтаю, а санітарыха з Вараксаю. Але ў процэсе сваркі пары мяняліся, як часамі гэта робіцца ў некаторых танцах.
— Пагналася за комуністым, а ён табе во што паказаў! — забалабаніла Пронька, згарнула хвігу і сунула яе ў бок Анэты ды сыпала далей: — На чорта-ж ты яму здалася! Ці ён сабе ня знойдзе? Сьвісьне — дваццаць прыбяжыць такіх, як ты.
— А ты сама сьвістала, ды нічога ня высьвістала, — асеклася Анэта.
А Пронька сваё гнула.
— Замуж вышла, дзіця маеш! Тваё дзіця трэба клікаць — цю-цю-цю-цю! бо яго ня хрысьціў ні поп, ні ксёндз, ні рабін… Жонка комуністага!.. Думаеш — дзіця не ахрысьціла, дык да цябе вернецца? Трасцу!
Балючыя гэта словы для Анэты.
— Заві сабе маё дзіця як хочаш: ад сукі сучкіна і пачуеш, але я сваё дзіця гадую. А ты дзе сваё дзела? Куды яго ўкінула? Думаеш, ніхто ня ведае, на якую хваробу ты хварэла?
Пронька раптам зьбялела, а потым агнём загарэлася.
— Што ты брэшаш, сякая-такая?! Дайце нож, я яе зарэжу! — крыкнула Пронька і кінулася на Анэту. Анэта — наўцёкі.
Потым раптам спынілася і сама рынулася на Проньку. Пронька, У сваю чаргу, задала драла. Так яны ганяліся адна за другою разоў восем: то да калодзежа, то ад калодзежа,
— Бі сьмярдзюху гэтую! — крычала санітарыха.