павагаю). А як вядома, мароз ня любіць лысін, аб гэтым могуць пасьведчыць паважаныя лысыя галовы. Дазвольце ўжо мне крыху далей адхіліцца ад „сьцержня“ расказу і сказаць, што непрыязнь паміж марозам і лысымі жыве ўжо з даўных часоў. І не дарма-ж, калі хочуць зьнішчыць мароз, то лічаць лысых. А з тае прычыны, што лысіны маюць тэндэнцыю няўхільна павялічвацца, можна спадзявацца, што наш клімат зробіцца болей мяккім, і нам ня прыдзецца езьдзіць на цёплыя воды.
Грэючыся, Міхайла Іванавіч разважаў, разважаў аб вяласьці славянскай натуры і яе слабай прыспасобленасьці да жыцьця. Трэба больш рухлівасьці, больш энэргіі, гэтай самай дынамікі, і тады шмат лягчэй можна будзе справіцца з нягодамі жыцьця:
Гэты дубовы кругляк, што гарэў цяпер у печы, разгортваў перад Міхайлам Іванавічам цэлыя старонкі мудрасьці і, урэшце, навёў яго на думкі аб большай актыўнасьці. Чаму, напрыклад, Міхайла Іванавіч мёрз, калі мог і ня мёрзнуць? Вось сёньня ён праявіў пэўную энэргію, і цяпер грэецца. Праўда, дубовы кругляк выпадкова скаціўся, выпадкова Міхайла Іванавіч яго знайшоў і скарыстаў, наогул, дубовыя круглякі гэта ня тое, што манна нябесная, але…
Ну, як сабе хочаце, а тут без нячыстай сілы не абышлося, бо як толькі ў думках Міхайлы Іванавіча выплылі гэтыя два словы „манна нябесная“, і не пасьпела, як мае быць, адбіцца гэтае „але“, як у яго вачох зусім выяўна вырысаваўся вобраз агарожы павятовага камісарыяту асьветы.
Гэтую агарожу зрабілі манахі. Агарожа была вялікая, але ўжо запушчаная і мела шмат праломаў. Тут быў манастырскі сад. Цяпер-жа ў будынку манахаў заснаваўся камісарыят асьветы.
На гэтай агарожы і спыніліся думкі Міхайлы Іванавіча, але пэўных вывадаў з гэтых думак Міхайла Іванавіч не зрабіў.
Печ выпалілася, нагрэлася добра. У гэту ноч Міхайла Іванавіч спаў смачна, а лысіна яго адчувала прыемную цяплыню і лёгкасьць. Толькі пад раніцу прысьнілася яму, што ў агарожы камісарыяту асьветы забівалі манахі дзіркі новымі дошкамі, а старыя аддзіралі і склададі ў кучу.
Тры вечары й тры ночы грэў і песьціў Міхайлу Іванавіча дубовы кругляк, тры вечары калыхаў яго мысьлі і сьпяваў яму песьні аб агарожы камісарыяту асьветы. Вынікам усяго гэтага была разьведка гэтай агарожы. Разьведка была зроблена тонка і незаметна. Але гэта яшчэ ня ўсё: той-жа дубовы кругляк вельмі спрытна выканаў ролю агітатара і ўзьняў Міхайлу Іванавіча на вышыню пэўнага погляду, які не прызнае сьвяшчэннага права за прыватнаю ўласнасьцю.