ХАІМ РЫБС
I
Хаіма Рыбса выбралі завочна на гэту пасаду. Што гэта была за пасада, адразу і сам Хаім Рыбс ня мог сабе ўтлумачыць.
Чым кіраваліся члены сходу, выбіраючы Рыбса? Адны бралі на ўвагу сталасьць, пісьменнасьць Рыбса, а характар яго рукі, як ён зазначаў сам, быў вельмі прыгожы; другія бралі на ўвагу яго розум, трэція, пацьвярждаючы ўсё гэта, яшчэ дадавалі яго шырокае знаўства жыхароў, сярод якіх жыў стары крамнік Хаім і на карысьць якіх цяпер павінен ён быў працаваць.
Сам Хаім Рыбе глянуў на свой выбар крыху з другога боку.
— Уй, місюгіны, рады запрагчы чалавека і ехаць па ім толькі дзеля таго, што ня быў на сходзе і ня мог, як мае быць, пабарабаніць языком.
Але як гэта навіна была прынесена суседам Іцкам Шпэралем, асобай прыватнаю, то Хаім Рыбс, крыху ўскіпеўшы, зараз і астыў і покі што супакоіўся, хоць там, дзесь у сярэдзіне, і карцела тармасьлівая думка. Праўда, Рыбс пайшоў на двор тупаць каля свае гаспадаркі, і скора неспакойная думка зьнікала з памяці.
Пад вечар таго-ж самага дня Хаім Рыбс, прыбраўшы свой дворык і прыпыніўшы гаспадарскія справы, сядзеў у сваёй краме…
Эх, і крамка гэта цяпер была далёка ня тая, якою была яна, ну сказаць, гадоў пяць таму назад. Тагды яна была паўнютка ўсялякага тавару, і народ снаваў тут, як пчолы каля вульля. А між тых чатырох старых хвой, што стаяць проціў крамы, карміліся, бывала, сялянскія коні, і жоўты пясок пад хвоямі быў заўсёды ўтоптаны конскімі капытамі і зацярушаны сенам і канюшынаю.
Цяпер і яны, гэтыя хвоі, асірацелі, і ніхто з даўнейшых знаёмых больш не прыпыняўся каля іх.
Хаім Рыбс сядзеў на тубарэце каля стала, на якім калісь зьвінелі і бразгацелі срэбныя і залатыя манэты, сядзеў і аб чымся думаў.