Як-бы там ні было, а Міхайла Іванавіч быў ужо далёка ня тым прокурорам, якім яшчэ быў год таму назад. Вусы яго павысякаліся, грознасьці бадай што зусім не заўважвалася, адным словам, Міхайла Іванавіч набываў від і постаць звычайнага „савецкага“ чалавека.
Кватэра Міхайлы Іванавіча была ў канцы вуліцы, тае самае вуліцы, што зараз-жа пераходзіла ў шлях. У кватэры быў страшны холад. Ногі качанелі; кроў, здавалася, застывала ў жылах. Апрануўшы, колькі можна было апрануць адзежын, Міхайла Іванавіч тым ня меней дрыжаў ад холаду. Першы раз пазнаў Міхайла Іванавіч, што такое холад. І бяда была ў тым, што дастаць дроў было вельмі трудна.
Але ў адзін час павалілі сялянскія падводы, нагружаныя дубовымі круглякамі. Але гэта былі дровы для розных устаноў.
Раз, пасьля таго, як прыехаў такі абоз, Міхайла Іванавіч, узяўшы вядро, пайшоў па ваду. Калодзеж быў унізе, каля рэчачкі. Параўняўшыся з мастком, Міхайла Іванавіч заўважыў досыць ёмкі дубовы кругляк. Кругляк скаціўся пад адкос дарогі і ляжаў у сьнезе. Міхайла Іванавіч азірнуўся. На яго шчасьце нікога ня было. Знахадка была важная. Міхайла Іванавіч прысыпаў кругляк сьнегам, а вечарком, калі ўжо сьцямнела, гэты кругляк стаўся поўнаю ўласнасьцю Міхайлы Іванавіча.
У гэты вечар Міхайла Іванавіч быў рад. Такую радасьць адчуваў ён толькі тады, калі яму далі „статского советника“.
Кругляк быў парэзан і паколат. Усё гэта зрабіў сам Міхайла Іванавіч. Работа яго захапіла. Калоў ён паленцы акуратныя, тонкія, каб яны лепей гарэлі. А праз некаторы час Міхайла Іванавіч сядзеў проціў групкі разам з Ксеняю Паўлаўнаю.
Сядзелі, грэліся.
Каб я не баяўся, што мяне палічаць чалавекам набожным, то я тут напэўна сказаў-бы, што гэты кругляк быў падсунут Міхайлу Іванавічу ні кім другім, як самым чортам, можа і ня зусім кваліфікаваным чортам, але ўсё такі чортам, бо хто-ж, як ня чорт, мог так насьмяяцца з прокурора?
Міхайла Іванавіч сядзеў проціў агню і грэўся.
Калі вы хочаце правесьці некалькі прыемных мінут, то шчыра вам раю пасядзець каля групкі, калі ў ёй гарыць агонь. Не сядзеце толькі тады, калі ў групцы гараць дровы ад такога кругляка, які здабыў сабе Міхайла Іванавіч, бо я баюся, каб ня здарылася таго, што здарылася з Міхайлам Іванавічам.
Міхайлу Іванавічу было цёпла, настолькі цёпла, што ён скінуў з сябе некалькі адзежын і таксама скінуў шапку. Апошнімі часамі Міхайла Іванавіч ня толькі хадзіў у шапцы, але і спаў у ёй, бо ў Міхайлы Іванавіча была досыць пачэсная лысіна (з некаторага часу я пачынаю гаварыць аб лысінах з пэўнаю