Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жала гэтая драбяза! і яшчэ дараду дае — пісаць пісьмо да Стучкі!

Проста — нагласьць!

Міхайла Іванавіч прайшоўся па пакоіку.

Холадна.

Цёмны вечар насоўваецца з усіх шчылін. Ён воража заглядае ў вокны, хоць праз іх нічога ня ўбачыш: шыбы густа-шчыльна засьнежаны марозам.

Холадна, неміласэрна холадна.

Міхайла Іванавіч падышоў да печы і прылажыў руку. Даўно прапаленая печ і прапаленая „лёгка“, настыла, як жалеза.

— Тфу ты, чорт! Мазгі скора замерзнуць, — прамовіў Міхайла Іванавіч і засунуў рукі ў рукавы пацёртага паліта.

А тут яшчэ жонка больш паддала стравы гэтаму і без таго няпрыемнаму настрою.

— Ты ведаеш, Мішанька, у нас вугалькі вышлі. Ужо ня ведаю, як і самавар наставіць.

Ксеня Паўлаўна, адзетая ў забракованую ёю кофту і ў хустцы, мела выгляд далёка ня тэй дамы, якая колісь вальсавала ў салі дваранскага сабраньня.

Міхайла Іванавіч маўчаў.

— Чым ты гэтак засмучаны, Міша?

— Да так, ведаеш… ня жыцьцё, а проста нейкая зоолёгічнае гібеньне.

— Ах, якое ты добрае, трапнае слова сказаў, Міша, іменна зоолёгічнае гібеньне!

Калі Міхайла Іванавіч быў ня ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі.

Міхайла Іванавіч ведаў гэтую асаблівасьць свае жонкі. Ён нават сумыслу паглыбляў свой пэсымізм, сваю панурасьць, проста пачынаў куражыцца, абы толькі жонка разважала яго, бо яму было прыемна паслухаць, што ён за чалавек.

— Вось вам плады захапленьня вольнадумствам: да чаго яны давялі!.. Праўду казаў а. Мікалай: мы пераходзім у зьвярыны стан, і можа настаць той час, калі мы на чатырох пабяжым у лес і пачнем выць і гаўкаць. Бывала на сабраньнях, на банкетах вяліся гутаркі аб мастацтве, аб музыцы, поэзіі, літаратуры. А цяпер толькі і чуеш, што пайкі, газа, дровы… Тфу, ты чорт вазьмі! Панастаяшчаму — пусьціць-бы сабе кулю ў лоб і — баста!

— Ну, што ты, Міша, гаворыш? хоць-бы ты мяне пажалеў. Ці прыстала табе так гаварыць, табе, прокурору Вядзёркіну, таму Вядзёркіну, пры паяўленьні якога шапталі дамы: „Вядзёркін! Вядзёркін! наш судовы златавусты!“