ведаюць яны, добра ведаюць, што робяць, і, трэба аддаць ім справядлівасьць, робяць начыстую і гладка.
— А як вы палагаеце: у гэтай рабоце ёсьць які-небудзь сэнс? — спытаў Міхайла Іванавіч.
— Вядома, ёсьць. Чым, напрыклад, кепска разьвязана зямельнае пытаньне? Царскія міністры думалі-думалі, лысымі парабіліся ад гэтых думак, покі іх, як няздольных, вон не павыганялі. А бальшавікі разьвязалі гэтае пытаньне адным махам: аддалі ўсю зямлю мужыком і баста. Пан на зямлі не працуе, а працуе мужык, дык няхай і будзе мужыцкая зямля. Проста і разумна. Затым — даўней былі ў дзяржаве прывілеі пэўных станаў, цяпер іх няма: усе станы роўны. А гэта чым кепска? А ўзяць хоць-бы школу: школа зроблена даступная для ўсіх, ліквідуецца няпісьменнасьць… Адным словам, пракладаецца шырокая дарога для вольнага жыцьця, а калі часамі гэтая дарога ня зусім гладкая, дык тут не яны, можа, вінаваты.
— Аднак, вы пачынаеце прасякацца ідэямі бальшавізму, — едка сказаў Міхайла Іванавіч.
— А гэта толькі сьведчыць аб тым, што ідэі бальшавізму маюць моцную жыцьцёвую сілу, бо імі прасякнут народ у сваёй большасьці — у гэтым іх сіла. І вы глядзеце: колькі ні рабілася патуг скінуць бальшавізм, нічога ня вышла — яны ўсё скідаюць з свае дарогі, ідуць далей, ідуць і мацнеюць.
— Ну, а як павашаму, — уставіла слова матушка: — добра яны робяць, што абразы выкідаюць са школы?
— А што-ж тут кепскага? Раз яны ім непатрэбны, дык і выкідаюць.
— Вы яшчэ не запісаліся ў бальшавікі? — спытаў настаўніка Міхайла Іванавіч.
— Не, не запісаўся.
— Чаму? Вы-ж зусім разважаеце пабальшавіцку.
— Паразважалі-б вы ў мяне так год таму назад, — сказаў а. Мікалай, нахмурыўшы бровы.
— Год назад былі проклятыя буржуазныя часы, — агрызнуўся Андрэй Мартынавіч.
Ён любіў часамі падражніць а. Мікалая і прокурора. Ён гаварыў то жартліва, то сур‘ёзна, але трудна было сказаць, наколькі ўсё гэта гаварылася шчыра.
— Вось мы тут судзім бальшавікоў, — кажа Андрэй Мартынавіч: — у нас тут ёсьць прокурор, ёсьць адвокат і судзьдзі, няма толькі самога падсуднага — няма бальшавіка сярод нас.
— Да вы-ж бальшавік, — кінула матушка: — нашто-ж лепей. Вы знаходзіце, што яны разумна робяць, выкідаючы абразы са школы.