Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што, дровы стаўляць будзеш, Марцін? — пацікавіўся Барбутовіч.

— А так — кажа дзядзька Марцін, — трэба-то паставіць.

— Уш-гу! — буркнуў Барбутовіч.

Дзядзька Марцін ведаў, што Барбутовіч дагаварваўся, каб дзядзька зрабіў яму фундацыю.

Да дзе-ж ты набярэшся на ўсякага лысага чорта? Дый з якой рацыі?

Але цяпер успомніў дзядзька гэтае спатканьне і тую размову. Чапляцца будзе, гад, каб прыдрацца да чаго. Вось чаму дзядзька пільна сачыў, каб ніводнага палена не знайшлося такога, што-б не падышло пад меру або перабрала гэтую меру. Злажыў дзядзька сажань акуратненькі, бо ня любіў рабіць абы-як. Калі і людзі не пабачаць яго, то самому-ж паглядзець добра на сваю акуратную работу.

— Не, — сказаў сам сабе дзядзька Марцін: — не падкапаешся, брат! І яшчэ раз зірнуў на дровы. Хацеў ужо дадому йсьці. Аж глядзіць — Барбутовіч з лесу выходзіць. Падышоў і давай тыя дровы аглядаць. Да кожнага палена прыглядаўся — ды так прыглядаўся, як-бы сярод іх знаходзіўся сваяк яго або добры прыяцель. Сьмех браў дзядзьку Марціна, як Барбутовіч аглядаў тыя дровы.

— А гэта што?! — сярдзіта спытаў Барбутовіч і ткнуў палкаю ў падпорку. А падпорка была дубовая. Знайшоў дзядзька Марцін гэтую разгаціну вілаватую дубовую. На падпорку яна якраз і гадзілася.

— Падпорка, — адказвае дзядзька Марцін.

— Але-ж гэта толькі вяршынка, а самы дубок дзе?

— А чорт яго бацьку ведае, дзе дубок. Гэта ўжо пану лепей ведаць, бо я лесу ня пільную.

— Ты ня пільнуеш, то я пільную. А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! — Так і сказаў, у тахту, складна сказаў: Дастаў з-за пазухі кніжку і пачаў запісваць.

А дзядзька Марцін, ужо сярдзіты, стаяў і казаў паціхоньку.

— Пішы сабе, пішы, няхай тваю шкуру чэрці сьпішуць.

На гэтым і разышліся.

Барбутовіч у лес пасунуўся, а дзядзька Марцін дадому пайшоў:

II

Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Дзядзька Марцін і думаць перастаў пра стычку з Барбутовічам. Сказаць па праўдзе, ён і значэньня не прыдаваў гэтай стычцы — глупства: Барбутовіч проста застрашаў яго, каб дзядзь-