Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вас няхай халера пабярэ! Чым дзеці вінаваты? На тое-ж яны і дзеці…

І дадасьць з дакорам:

— Любіце іх на сьвет пускаць, а гадаваць дык ня хочаце.

III

Цяжкую школу жыцьця прайшоў дзед Павал; многа працы зьнесьлі яго старыя, колісь крэпкія плечы. Многа ўсякіх надзей, зьмен адбылося на яго памяці, а цяпер ён стаіць як-бы з боку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыцьцё. Глядзіш на дзеда і дзівішся, скуль у яго столькі гэтай яснасьці мыслі, дабраты сэрца і сілы духа, і жыцьцёвай мудрасьці? І на ўсякія прыгоды жыцьця аклікнецца дзед Павал, бо ў яго багаты запас назіраньня над жыцьцём, над зьявамі прыроды.

Над пажатым полем і яшчэ няпрыбраным лугам панесьліся грымотныя хмары. Срэбраводныя дажджавыя ніці густа-густа зьвісьлі з хмар і белымі невадамі паплылі над зямлёю. Спынілася работа на полі, выліліся рэчкі з берагоў, паплылі пракосы, копы. Забялеліся ўзьлескі ад порхавак.

Сядзіць дзед на палку каля калыскі, дамарослы тутун пакурвае з люлечкі, сваю звычайную песьню сьпявае і разважліва скажа:

— Гэтага і трэба было спадзявацца. Вы заўважце: калі вясною малая паводка, то яна возьме летам, а свайго не падаруе.

Рупіць дзеда і тое, што з поля ня ўсё яшчэ прыбрана, і нейкая думка снуецца ў яго вачох — выказаць яе ці не? бо можа ня ўсім прыемна будзе паслухаць яе.

— А! — трасе дзед галавою: — і самі трохі вінаваты — разгультаіліся. Была пагода, на што ўжо лепшая пагода дзеля ўборкі? Можна было-б і прыбраць… Да дзе-ж вы бачылі! Бывала, калі надыдзе касавіца, то ці-ж будзеш ты спаць, покі сонца ўгрэе? За гадзіну да ўсходу з касою выйдзеш. А росная трава мякчэй косіцца. Апала раса — кладзі касу, граблі бяры, паварушвай сена: на заўтра і ў таку будзе.

І сынам трохі нездаволены дзед: нядбайны. Паспаць любіць. То печы, то жонкі пільнуецца.

І яшчэ адна крыўда на сыноў жыве ў дзедавым сэрцы. Ня можа забыць яе дзед.

Яшчэ тады, калі дзед сам правіў гаспадаркаю, завёў ён сад. Невялікі, але ладны садок. Было ў ім штук з восем яблынь, і грушы былі. Хадзіў каля іх дзед, абвязваў у мароз і гною пад іх падкладаў, бо ўсё-ж любіць догляд. Зацьвіце вясною сад — паглядзець было люба. Пчолкі гудуць над ім, і такі пах стаіць