Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзед стаіць ці сядзіць на палку пры калысцы. Хіба-ж не дакучыць такая работа? Напэўна дакучае і моцна дакучае, але нічым ня выкажа гэтай дакукі дзед Павал. Спакойны, цярплівы — хоць-бы цень таго нездаваленьня ці злосьці, бо што-ж дарма і хлеб есьці?

Угі-угі, у-гу-гу!
Уту-угу, у-гу-гу!

Мурмыча дзед свой просьценькі напеўчык.

Гумммм!..

Сьмелы, магутны, з мэталю скованы голас аэропляна залятае і ў дзедаву хатку. Ох, да чаго мудры стаў чалавек — і пташку закасаваў! Дзівіцца дзед мудрасьці людзкой. Новы сьвет паўстаў. Нарадзіліся новыя людзі. Ну, што-ж? Так трэба, так павінна быць — усяму свой час.

Дзедава думка сваёю дарогаю йдзе, а яго просьценькая песьня над калыскаю сваім парадкам сьпяваецца!

Угі-угі, угу-гу!
Угу-угу, угу-гу!

А дзесь у полі трактар грукоча. Напэўна з аднаго саўхозу ў другі пераяжджае, заглушаючы дзедаву песьню.

II

Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Заснула Нінка. Разгінае сьпіну дзед Павал, ад калыскі адыходзіць, кульгаючы. Покі Нінка сьпіць, трэба трохі ўдзяліць увагі і Верцы. Малая яшчэ — тры гадкі ёй. І есьці ёй трэба даць, прыбраць, і пахадзіць за ёю. Ну, але ўжо з Веркаю клопату меней, з ёю нават ужо і пагаварыць трохі можна.

— Ты-ж, Верка, не раскідай яду па стале, а то мухі ўвесь твой полудзень зьядуць, табе нічога ня будзе.

— Гай! — весела скажа штось Верка і ножкаю затрапеча.

— Вот табе і будзе „гай!“ Зьядуць твой полудзень мухі і паляцяць у гай.

А мухі і праўда, апаноўваюць Верку. Махне дзед рукою, абароніць на момант дзяўчынку, а яны зноў сьляпіцаю лезуць.

— Вось бачыш, накапала тут і мухі лезуць.

Бярэ дзед анучу, заелон выцірае, белую капку заціркі па заслоне размазвае. На сьвежы сьлед упарта мухі насядаюць. Многа іх, заслон увесь укрылі. Пазірае на іх дзед. Спакуса