З БОКУ ЖЫЦЬЦЯ
I
Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не аглядзеўся дзед: няўзнакі накастрэжыліся гады. Эх, няма на сьвеце болей спрытнага злодзея, як гэтая старасьць: так ціха, так зладзейскі ціха выкрадаецца, нялюбая, што і ня ўбачыш, як яна асядлае цябе.
Не вялікі разгон цяпер у дзеда Паўла: цесная сялянская хатка і такі-ж цесьненькі дворык. Хіба толькі ў самыя грыбныя часы вырвецца дзед у лясок, што за чыгункаю зелянеецца пад танюсёнькім полагам сіняватай смугі. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасьць, і трудна баравіку схавацца ад іх.
А слаўна ў тым лесе, што за чыгункаю стаіць! І так многа ён гамоніць сэрцу дзеда Паўла. Вось хоць-бы гэтыя дзьве хвоі, што стаяць пры дарозе. Ладныя дрэўцы, бы дзьве родныя сястрыцы-красуні. Высока ўзьнялі яны свае пышныя кудлы над маладым сасоньнікам і купаюцца ў залаціста-блакітных сонечных хвалях. А ці даўно былі яны невялічкімі хвойкамі? На вачох дзеда радзіліся яны на сьвет, на яго вачох гадаваліся і вырасьлі ў прыгожыя сталыя дрэвы. А вось гэтыя дарогі, дарожкі, сьцежкі? Гэта ўсё — жывыя малюнкі, вобразы, сымболі, каторымі запісана гісторыя сялянскага жыцьця, сялянскае працы. І так многа-многа ўспамінкаў, думак, разважаньня выклікаюць яны ў дзеда Паўла! Слаўна ў лясочку!.. Эх, толькі няма калі разгуляцца ў ім дзеду!
Не работнік ужо дзед Павал. Ні ў полі, ні ў лузе… І ня гэтыя восемдзесят пяць гадоў прычына таму, бо крэпак яшчэ дзед Павал, і розум яго ясны, і рукі яго яшчэ моцны, толькі ногу пакалечыла яму бервяном. Семдзесят шэсьць гадоў служылі дзеду ногі, на семдзесят сёмым калекам стаўся, кульгавым. Сын з нявесткаю заступілі дзедава месца. А дзед дома сядзіць, і зіму, і лета. Але дзед любіць усякую работу, а няма работы, ён знойдзе яе.