Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агнём. Тут усё яго жыцьцё, сэнс жыцьця, яго праца, недаяданьне, яго трывога і надзея.

Яхім здрыгануўся — як-бы дзесь нехта шворыцца, крадзецца. Борзьдзенька засунуў за пазуху грошы і стаў слухаць. Рукі яго трасьліся, і сэрца застукала моцна. Дарэмная трывога — тая-ж нямая цішыня. Супакоіўся, загарнуў жмуток і палажыў у патайное месца, у пячурку ўнізе печы. Пячурку гэтую зрабіў спэцыяльна сам Яхім, гэта і ёсьць яго „банк“. Зроблена пячурка хітра. Ніколі не замеціць яе чужое вока.

Вышаў на двор. У засьценку было ціха. Толькі на Татуровым хутары разьліваўся сіпаваты брэх сабакі. І нейк дзіўна адбіваўся ў вушох Яхіма гэты брэх, як-бы ён выбіваўся з калодзежа і праз нейкую вузкую шчылінку ўрываўся ў пустую Яхімаву сьвятліцу і разьліваўся па ёй нейкім болем няяснай перасьцярогі. А брэх быў упарты, жалобны, аднастайны, з нязьменным моташным падвываньнем:

— Гаў — у! гаў — у! гаў — у!

Яхіму пачулася, што Татуроў сабака падзяляе гора свайго гаспадара, а разам з тым і плача над сваёю сабачаю доляю. У чэрствым Яхімавым сэрцы ўзварухнулася жаласьць да Татура — ляснулі ў банку яго грошыкі! Задумаўся на момант, свае грошы ўспомніў і ўздыхнуў. І тут-жа сказаў сабе:

— Твой банк, Яхім, ня вораг табе. Процантаў не дае, а ісьціну верне.

III

Чым далей, тым болей заблутваўся гэты й без таго зблутаны перамот жыцьця. Падзеі, бы тыя неспакойныя навальнічныя хмары, расьлі, стыкаліся, падганялі адна другую, каб зьліцца ў нешта адно грознае, нячувалае і грымнуць страшным выбухам. Паразвальваліся скрэпы, паскідаліся абручы, і ўсякі закон страціў сваю сілу, ніякога страху ня было ў народзе.

У Яхіма Судніка вывалаклі некалькі вульлёў, пачысьцілі яго засекі.

— Казаў я табе, Яхім: ня будзе дабра, ой ня будзе дабра.

Навала насоўвалася на Яхіма і з другога боку: пайшла гаворка, што ў Яхіма зямлі многа, што ў Яхіма набытку многа і наогул „у Яхіма трыбух шырокі і лапы заграбастыя“. З бядняцкіх хат гаворка гэтая йшла. Паглядаў Яхім на бядняцкія хаты нядобрым вокам.

— Колеш ты ім, Яхімка, вочы, бо Яхім не лайдакаваў. А вы-ж дзе былі? Яхім пот ліў, а вы плячамі платы падпіралі ці