Рыгор Андрэевіч пры гэтым мімавольна падкруціў свой чорны вус, а дзядзя Мітрыч казаў далей:
— Чудачэц ты, Андрэіч! Няўжо ты думаў, што мужык не разумее нічога, што мужык далікацтва ня знае? Разумее ён, мілан ты мой, дзе, што, як і к чаму затым, што ты нам, кажу, чалавек ёсьць прыятны.
— А вы — хіба пыталіся ў яе, ці згодна яна пайсьці за мяне? — асьведаміўся Рыгор Андрэевіч.
— А што пытацца? За вочы скажу табе: ня пойдзе — пабяжыць, — адказаў Міхайла, а старшыня дадаў:
— Няхай папрабуе фярдыбацтвы свае паказаць! Мы, брат, жывым макарам прыструнім яе. Раз вобчаства, значыць — закон!
— Да аб чым тут гутарка можа быць? — прамовіў дзядзя Мітрыч: — скажы, Андрэіч, проста: згодзен ты быць у нас папом?
Рыгор Андрэевіч крыху замяўся.
— Ну, разумеецца, згодзен, ці вы ня бачыце? — адказаў за яго Міхайла і тут-жа схапіў яго руку і стаў трасьці яе.
Тое самае зрабілі старшыня і дзядзя Мітрыч.
Праз нейкі нядоўгі час пасьля гэтага, так, здаецца, каля веснавога Міколы, у іх быў свой бацюшка — а. Рыгор Угоднік і матушка Настася Мікалаеўна. Настася Мікалаеўна была вельмі давольна, што яна цяпер не настаўніца, бо яе больш за ўсё на сьвеце палохалі трудавыя процэсы ў школе.