Ад гэтае яблыні, вядуцца паходы на другія гатункі яблык. А іх так многа, што поле дзейнасьці пашыраецца з кожным днём. То там, то сям падымаюцца тычкі ўгору, і бухаюць аб землю яблыкі з лісточкамі і галінкамі, бо ня час яшчэ ім разлучацца з дрэвам. Кандрат Сусла, як ніхто, умее каштаваць яблыкі, бо ні ў каго няма, як у яго, такой важнай міны, калі ён па садзе пахаджвае і яблыкі прабуе.
Падасьпелі яблыкі, пачалі іх патроху трасьці, хаваючыся адзін ад другога, і ў мяшках па дамох цягаць.
Весела было ў часе касьбы саду. Касцы і грабцы — яны-ж самі гаспадары тут — трасуць яблыкі, запусьцяць зубы ў яблык, папробуюць — кіслы, гоп аб землю! Увесь сад і дарожкі ў садзе закіданы яблыкамі і грушамі. Прыеліся яблыкі, пачалі ў Астапавы гуркі даведвацца. Ну, адным словам, добра было сад вартаваць. Урэшце, аглядаюцца, што ўжо пладоў у садзе ня так многа застаецца. А калі яшчэ з месяц павартуюць, то і нічога не астанецца там. Дык і пастанову зрабілі: на сьв. Ўладзімера фрукты зьнімаць, а праз тыдзень і антонаўкі ўсе атрасаюць. Цяпер у садзе толькі Астап.
XIII
Адзін ходзіць па садзе Астап, як сірата, адзін. Праўда, Марыся зойдзе ці з бабак хто накапаць сабе бульбы: падзяліўся з імі Астап зямлёю ў садзе. Ірына Данілаўна зойдзе часамі, але ёй і дома работа ёсьць, а ў дні адпачынку з дзяўчатамі-падросткамі навукаю займаюцца. Ды яшчэ дзеці бегаюць па садзе, аглядаюць яблыні і грушы, ці не захаваліся там яблычак ці грушка. А калі Астап у другі бок павернецца, то моркву выхвацяць, агурок адарвуць. Часамі яшчэ, па старой памяці, хто-небудзь з вартаўнікоў даведаецца, на капусту падзівіцца. А такой капусты ўва ўсёй акрузе няма. Гэтая капуста — гордасьць Астапава. Соцень шэсьць капусьцяных галоў, як войска, стаіць, прыветна Астапу ўсьміхаецца.
А тымчасам каваль Мамай нешта думае ды паглядае на агарожу. У Мамая-каваля ёсьць сівенькі жарэбчык і цялушачка чырвоненькая. Чаму-ж бы ім не папесьціцца ў садзе? А трава там ужо адрастаць пачала, а трава ядкая, спажыўная. Вечарком, прыслухаўшыся, аглядзеўшыся, вырывае Мамай кол з плоту і варотцы там робіць. А ў гэтыя варотцы жарэбчык з цялушачкаю назаўтра ў сад ідуць.
Турыць іх адтуль Астап попліскаю, аж сэрца Мамаева баліць. Але Мамай покі што маўчыць: ну, што-ж? ногі маладыя, не адваляцца, калі прабягуць. І рад Мамай, што Астап ня можа