то нават сяляне зацікавіліся. Але сьмешна ім, чаму так рэдка садзіцца капуста, бо многа прападае зямлі.
— Нічога кажа Астап: — весялей капуста расьці будзе.
Увесь час пагода сухая стаіць. Астап цягае ваду, штодня палівае агарод. Затое-ж ідзе ён, як лепей ня трэба. Лапушыцца капуста, ужо ня згледзіш нідзе пустой зямлі.
— А-а-а! што за капуста!
— Разрабіў агарод!
— Сібірны чалавек!
Дзівяцца і галовамі трасуць.
І сам Астап з уцехаю на свой агарод глядзіць.
— А ведаеш ты што, Ірына: прамяняем свой агарод у канцы лета на каня з павозкаю і дамоў паедзем.
Марыць нават з Ірынаю пачалі аб звароце ў сваю старану, а ў гэтым звароце ім агарод дапаможа.
У гэтым садзе адбівалася і яшчэ адно жыцьцё — жыцьцё садовага таварыства.
Як толькі на грушах і яблынях зьявілася завязь, зараз-жа ў сад пашыліся дзеці. Наўперад завязь гэтая служыла ім цацкамі, а потым яе пачалі грызьці. Такім парадкам перад садовым таварыствам паўстае пытаньне аб варце саду. Пастанавілі па чарзе вартаваць.
Узброеныя доўгімі кіямі, ходзяць вартаўнікі па садзе. Паяўленьне ў садзе непатрэбнай асобы выклікае ў вартаўнікох страшэннае абурэньне, якое і выліваецца ў адпаведных словах: не для таго-ж яны пот пралівалі, каб усякая „шація“ па садзе хадзіла.
— Новыя паны завяліся, чэрці акаянныя! У сад ужо і носа ня сьмей паказаць, скула вам у горла! — трашчыць каля саду жаночы голас.
— А ты-ж чаму не гарадзіла, каб табе вочы загарадзіла? Толькі ступі сюды, душа з цябе вон: галаву адкручу! — нясецца бас з саду.
— Мазгі табе скруцяцца, акаянны! — жаночы голас аддаляецца.
Галоўная позыцыя вартаўнікоў — яблыня, што стаіць пры сьцежачцы, па якой носіць воду панскі двор. На гэтай яблыні — скорасьпелыя салодкія яблыкі. З-пад яе-ж і ўся палавіна саду відна, вартаваць лёгка. У кожнага вартаўніка ёсьць і ёмкая тычка. Націкаваўшы сьпялейшы яблык, зьбіваюць тычкай, самі частуюцца і добрага чалавека пачастуюць. У палавіне чэрвеня салодкая яблыня стаіць, бы тая жанчына, без пары пахаваўшы сваіх дзяцей, а зямля пад ёю, убітая і стоптаная, чарнее смутнаю плямаю між сакавітай зелені.