Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам бярэ вёдры, шпурляе аб землю карэмысла, бо ня любіць яго: зроблена яно так, што зарубкі для вёдзер прыходзяцца на самым-жа карэмысьле, і вёдры трэба падымаць вельмі высока. Бярэ вёдры проста за восілкі і йдзе аж за кузьню, дзе калодзеж, а Ірына капае зямлю. Калодзеж досыць далёка, але вада ў ім чыстая, крынічная, Астап прыносіць воду, ставіць вёдры на дарожцы і кажа Ірыне:

— А ведаеш, Ірына, аб чым я думаў, нясучы ваду?

— Можа зноў аб варэньні бурачным?

— Не, я думаў аб тым, як-бы гэта было добра, каб мне паставілі на стол скавараду скварак, каб яны плавалі ў сале!

— Не, брат, на скваркі ты ўжо прычыні губу, — з ноткаю засмучэньня адказвае Ірына: — але я вось што спытаю: ці агародзяць табе сад? Нешта ня чуваць нічога.

— Вось-жа і я думаю над гэтым. — Твар Астапа робіцца сур‘ёзным. У Астапа тут і расада засеяна, а па садзе ўсё яшчэ скаціна разгульвае. Раздольле, выгода залацінцам: выпусьціў скаціну з двара — ідзі, мілая, куды хочаш. А яна ў садзе і прыпыніцца.

— Народ у нас такі, каб ён выдушыўся, — кажа Сьпяпан Судзьба на ўвагі Астапа, а сам вечарком азірнецца, зьніме з каня вобруць, накіраваўшы на панскі сад, і шмаргане вобруцьцю, каб конь шпарчэй у сад бег.

Пад вечар ідзе Астап на сяло, аб гарадзьбе гутарку заводзіць, старшыню падганяе.

— Вось я што скажу табе, — кажа да Астапа Зьмітро Мігун: — сад… сад яно добра, агарадзіць яго трэба. Але як вы грамаду на работу паставіце? Сілаю-ж яе вы не пагоніце. Дзесяць згодзіцца, адзін упрэцца і гэтых дзесяць раскідае. Мой гэта сад? да няхай ён згарыць! скажа адзін. Няхай той гародзіць, што пляцень расьцягаў, скажа другі, а трэцім зайздросна стане, каб не пакарыстаўся хто іх працаю. Вось яно што.

Але Астап не адступаецца, надзеі ня траціць, зноў сход склікае, зноў выступае з прамоваю, разагравае сялянскае сэрца. Тут і сам старшыня не сьцярпеў, закіпяціўся, апошнімі словамі па грамадзе стрэліў, а ў заключэньне застрашыў:

— Кіну к чортавай матары старшынства сваё, каб вы мне тут і не сьмярдзелі і ў поперак горла не станавіліся!

— Дык трэба агарадзіць! — нясецца хваля галасоў.

— Да што трэба? Трэбіць будзем ды трэбіць, а за дзела ніхто не бярэцца! — крычыць абурліва: Акім-шавец: — раз трэба, дык давайце цяпер-жа, з гэтага месца, у лес пойдзем хвораст сеч!