— Ну, як жывеш? — запытаў старшыня.
— Ат! махнуў рукою настаўнік, — каму гэта цікава, як я жыву?
— Стала быць цікава, калі аб гэтым пытаюць, — адказаў за старшыню Міхайла. А дзядзя Мітрыч яшчэ дадаў:
— Чудачэц ты, Андрэіч, права слова, чудачэц! Няўжо-ж ты думаў, што вобчаства ніколі не паклапацілася аб табе? Або вобчаства ня ведае, як ты жывеш? Ведае, брат, і яно гатова памагчы табе, толькі сам дурак ня будзь.
Сказаўшы так, дзядзя Мітрыч незаметна зірнуў на другіх членаў камісіі, каб на іх тварах прачытаць, ці добры тон узяў ён. Старшыня і Міхайла былі спакойны і нічым ня выказалі стану сваіх душ. З гэтага дзядзя Мітрыч вывеў заключэньне, што ён памылкі не зрабіў.
Настаўнік зьдзівіўся яшчэ болей і чакаў выясьненьня іх прыходу.
Мітрыч у сваю чаргу палічыў, што ён пачатак зрабіў, а цяпер няхай кажуць яны. Тут трэба і меру ведаць.
— Гавары, дзядзя Мітрыч, ты, — сказаў Міхайла.
— А сам што-ж? без языка? Цябе гэта бліжэй датыкаецца, — ухіліўся дзядзя Мітрыч.
Міхайла крута павярнуўся да настаўніка.
— Справа, бачыш, ты, Андрэіч, такая: вобчаства, значыць, выбрала пябе папом.
— Правільна! пацьвердзіў старшыня і дзядзя Мітрыч.
— Значыцца, Андрэіч, вобчаства цябе любіць, вобчаства чэсьць табе аказвае, — дадаў яшчэ ад сябе дзядзя Мітрыч.
— Мяне? папом? Што за чапуха? — зьдзівіўся настаўнік і засунуў рукі ў свае чорныя валасы. — І ніколі я ня думаў папом быць.
Члены камісіі заварушыліся ўсе разам. Кожны з іх хацеў цяпер сказаць сваё слова. Міхайла, як болей жывы і вёрткі, папярэдзіў сваіх таварышоў. Ён борзьдзенька сунуў адну руку ў бок старшыні, другую ў бок дзядзі Мітрыча, даючы ім гэтым знак не мяшаць яму, і сказаў:
— Пустое, Андрэіч, што ты ніколі ня думаў папом быць. Вось што ты мне скажы: ці думаў ты калі, як плодзіцца кракадзіл.
Зьбіты з тропу, настаўнік шырока расчыніў вочы і пазіраў на Міхайлу.
— Ну?! — энэргічна спытаў Міхайла зноў і, чутачку счакаўшы, сказаў:
— І я ніколі ня думаў, а вось прышлося падумаць. Быў я ў вучэбнай камандзе, На акзамінах пытае афіцэр аднаго: