Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І якая гаспадарка была! — у тон Марысі гаворыць бабка Магда:

— Ахвота брала працаваць, — ажыўляецца і бабка Наста.

Яны адрываюцца ад гэтай неласкавай да іх рэчаіснасьці, яны пераносяцца думкамі ў свой край, у сваё пакінутае гняздо, яны жывуць успамінамі аб тым, што мінула навекі. І дарогі ёсьць у той край, але крыльляў няма, каб узьняцца і ляцець туды. Ох, сьвёт, ох, жыцьцё! як заблутаны вашы пуцінкі!

Ізноў гутарка аб тэй гаспадарцы йдзе.

— І коні свае былі, ды якія коні! Ня тое, што тутэйшыя залацінскія гракі — хоць пад паху бяры. І кароўкі былі. І малачко сваё, і масла. Самі елі, колькі хацелі, і прадавалі, — тужліва зазначае бабка Наста.

— А дом які быў! ня можа стрымацца і Марыся: — прасторны, мураваны. На дзьве палавіны быў зроблены. У ваднэй самі жылі, другую выпускалі пад школу. Цэлае вучылішча зьмяшчалася, шэсьцьдзесят рублёў арэнды плацілі за зіму.

— А двор чысьценькі-чысьцюткі, хоць абрусом засьцілай. І ўсякая гаспадарская надоба была: варывенька, сьвіронак, прыгрэбнік, паветка. А якое слаўнае гумно было! У якім парадку дзяржаў яго нябожчык. Антось! Чысьцей, як у тутэйшых гаспатароў у хаце, — дадае бабка Магда.

Марыся ўспамінае, як нехта кінуў ёй на сходзе.

— У яе цэлая скрыня тканіны.

Так, зайздросьцяць яны Марысіным: тканінам, — аддай ім і тканіну за хлеб, за бульбу, як прышлося аддаць мануфактуру, што выдалі ў школе. Бачылі тутэйшыя жанкі, якія тканіны ткуць у Горадзеншчыне, пазіралі ды галовамі ківалі, не давалі веры Марысі, што гэта яна выткала, што так у Горадзеншчыне ткуць палотны — фабрычныя тканіны ды годзе! Нічога тут рабіць ня ўмеюць. Нават гной на поле вывезьці лянуюцца, — выганы і двары гноем завалены. Бачыла Марыся, якія палотны ткуць тутэйшыя жанчыны — вузенькія-вузенькія, дзьве пядзі, ня болей…

— І хто ведае, — кажа бабка Магда — ці астаўся там дом цяпер?

— Можа і дому няма, — уздыхае Марыся.

— А вы-ж ніякіх вестак ня маеце адтуль? — пытае настаўніца.

— Пісалі адтуль. Яшчэ летась увосень быў ліст. Пісалі што ўсё цэла. У доме жыве брат нябожчыка Антося.

— Ну, калі там жыве брат мужа, то дом будзе цэлы, — заспакойвае бабак і Марысю Ірына: — вернецеся, будзеце жыць там.

— Калі-ж адгэтуль выберамся?.. Эх, выбрацца-б адгэтуль, скарэй-бы выбрацца!