Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дочкі ўважна слухаюць, маўчаць. Многае незразумела ім з таго, што тут гаворыцца, але ў тоне гэтай гаворкі чуецца нешта блізкае, дарагое і важнае. Аб гэтым можна дагадацца, калі паглядець на бабак, на маму і на Юлю, як яны распытваюць гэтага незнаёмага чалавека, што нядаўначка разглядаў панскі дом з белымі акяніцамі і з белымі слупамі. Дзіцячыя вочкі пазіраюць то на таго, то на другога, гледзячы, хто гаворыць.

Закіданыя дзеці. Тварыкі іх бледны-бледны. Сьвежага паветра мала ім тут. Хата нізкая. Даўно пабеленыя сьцены закураны. Вокна малыя, шыбы там-сям лучынамі і анучамі забіты. Ну, на тое-ж яна батрацкая хата, прытулак панскіх слуг. Ды к таму-ж яшчэ запушчана. А зіма — цяжкі час для дзяцей, для дзяцей беднаты. І пагулялі-б на дварэ, ды ў чым выйдзеш марнуюцца яны, бы тыя расьлінкі ў пограбе, бяз сонца, без сьвятла. А тут яшчэ і недаяданьне. Хіба-ж гэта дзіцячая страва — бульба на сьняданьне, бульба на абед, на вячэру? Або гэтыя аладкі-драчонікі на жалудзёвай муцэ? І ня раз адварочвалася ў бок Марыся, даючы дзецям гэтыя аладкі, каб ня бачылі сьлёз на яе вачох.

Юля — ужо дарослая дзяўчына, гадоў дзевятнаццаць. Да яе ў гэтую зіму тутэйшыя хлопцы сваталіся. Юля-ж ня хоча замуж ісьці. Хоць і зямля тут добрая, і хлопцы нішто сабе, і ня з бедных хат, але Юліна сэрца не ляжыць да гэтага краю і да звычаяў тутэйшых… Не, ня тут яе мысьлі снуюць ёй сямейнае шчасьце.

— Няхай ужо лепей пабачу я сваё дзіця ў труне, чым за мужам тут, — кажа Марыся.

Не, не па сэрцы ім усе гэтыя тутэйшыя звычаі.

— Дык і вы з нашых краёў! — з радасьцю ў голасе кажа бабка Магда.

— Нашы губэрні — суседнія. Вашу Горадзеншчыну я трохі ведаю. Жыць там ня жыў, а езьдзіць прыходзілася:

— Ну, вы-ж таксама заставацца тут ня думаеце? — пытае Марыся Астапа.

— О, не! Я толькі чакаю, покі парадак наладзіцца. Цяпер толькі фурманкаю і можна ехаць, дый то рызыкоўна. А паязды ня ўсюды ходзяць: дарогі разбураны, масты пазрываны.

— Ох, што робіцца на сьвеце! — уздыхала бабка Наста: — там ад вайны ўцякалі, а прыехалі сюды — і тут яна злавіла нас. Дый страху набраліся! Як пачалі гэта з гармат жарыць, думалі, што ўжо ўсім канец будзе. У пограб пахаваліся.

— Было страху!.. І невядома, калі той парадак наладзіцца, — пужліва заўважвае Марыся.