Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кую частку таго, што нам трэба зрабіць і што мы можам зрабіць. У нас няма добрага будынку для школы, а дзе і ніякай няма школы, у нас няма народнага дому, бібліотэкі, нашы дзеці ўлетку бяз догляду, нашы саламяныя стрэхі спрыяюць пажарам, нашы дарогі топяцца ў гразі, на нашых грэблях гразнуць коні, на нашых мастох калечацца людзі і жывёла. А ўсё гэта можна ўхіліць, сваімі рукамі пабудаваць новае, моцнае, прыгожае і канечна патрэбнае нам. І гэта вы зробіце, калі будзеце выступаць грамадою, дружна, згодна. Дык няхай жыве свабодная праца! Няхай закрасуюць і разаўюцца грамадзкія „колектывы працы!“ Няхай наша нядбаласьць пройдзе разам з гэтым Гнілым Балотам!

Тут Сьцёпка з моладзьдзю з аднаго боку і сталыя сяляне з другога паднялі дашчаную заставу, праз якую чуць-чуць не пералівалася вада.

З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, нясучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Удоўж каналу стаяў пасьвяточнаму ўбраны народ, моўчкі слухаючы музыку вады. А з-пад „сьвятога калодзежу“ далятаў, як-бы з разьбітага чыгуна, нудны, гнусавы звон, але з-за шуму вады ў канале яго бадай што і ня чуваць было.


Праз тыдзень пасьля таго, як быў пушчан канал, паехаў Сьцёпка вучыцца: кончыліся летнія вакацыі. Адчуваў ён сябе вельмі добра: папершае, яго проект — асушыць Гнілое Балота — удаўся яму, як лепей ня трэба; падругое, сяляне вельмі сардэчна праводзілі яго і прасілі прыехаць да іх на другое лета і патрэцяе, з ім ехала і Аленка. Што яна паступіць у пэдтэхнікум, у Сьцёпкі ня было ніякага сумленьня. Аленка-ж была ўпэўнена, што са Сьцёпкам яны нідзе не прападуць, але ім яшчэ трэба многа вучыцца, каб ужо потым, рука ў руку пайсьці з ім у шырокія прасторы жыцьця.