пунктах, сказаўшы пра яго, як пра аднаго з самых лепшых сваіх вучняў, якім ён сьмела можа ганарыцца, то Сьцёпка яшчэ больш вырас у вачох сялян.
— Што-ж!? — у добры час.
— Паможам, — для сябе-ж, ні для каго.
Сьцёпка пакланіўся сходу.
— Я так і ведаў, шаноўныя дзядзькі, што вы дапаможаце нам.
Зашумелі, зазьвінелі маладымі галасамі і звонам рыдлёвак Сухія Груды. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прышлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзьве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсьці канал, і правялі дзьве роўныя барозначкі пад шнур на адлегласьці ў сажань адна ад другое. Далёка тыя тычкі, чуць згледзіць зоркае маладое вока. Залацеюць на першых праменьнях сонца пяскі Сухіх Грудоў, сівым туманом атулілася Гнілое Балота, а старэнькі дубок, што за балотам, маўкліва стаіць і грэе на сонцы сваю лысую галаву ды пасьмейваецца. „А ну, паваюйце“, — як-бы падзадорвае моладзь. Трывожыцца Аленка: „Ці здолееш ты, Сьцёпачка, да канца работу давесьці?“ думае яна. А Сьцёпка, сур‘ёзны і спакойны, парадак работы наладжвае, ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце ня шкодзіла. Разьмеркавалі хлопцы работу сабе.
— Даеш два сажні на брата? — чуецца голас.
— Не гарачыся, таварышы! — спыняе Сьцёпка: — памалу, паволі возьмемся, каб не таміцца адразу — работы нам будзе. Канал тут, хлопцы, будзе глыбокі: тут самая высокая часьць груду, а далей пойдзе лягчэй.
— Пачынаем, — гукнуў Макар Лагун.
Зашорхалі рыдлёўкі ў зямлі, паляцелі кідкі направа і налева.
— Павольней, павольней, хлопчыкі! — стрымлівае Сьцёпка, зяўзятых таварышоў і сам марськае ў паветра зямлю. Расьце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць зямлякопы.
— Адпачні, хлопцы! — падае Сьцёпка каманду.
Вылазяць маладыя работнікі, твары іх ад работы разгарэліся, весела жартамі перакідаюцца ў часе адпачынку.
Хлопцы-падлёткі прыбеглі. Паглядзелі на сьвежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца.
— Вось нам і зьмена прышла, — кажуць старэйшыя хлопцы.
— Малайцы, хлопцы! — пахвальвае іх Сьцёпка: — вучэцеся гуртом працаваць. Акуратненька, браткі, капайце, вось як тут пачалі: зьверху шырока, а пад ніз вузей.