Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У той-жа вечар у хаце Кандрата Гугі адбыўся сход, скліканы з прычыны прыезду Сьцёпкі. Сьцёпка сам праз Юрку паслаў запрашэньне Аленцы. Сабралося многа хлопцаў і дзяўчат.

— Таварышы, — зьвярнуўся Гуга да сходу: — да нас прыехаў наш таварыш і зямляк, Сьцяпан Барута. З намі ён прабудзе ўсё лета. У яго ёсьць плян работы, аб якім ён і даложыць вам.

У кароткіх і простых словах расказаў Сьцёпка сходу аб задачах экономічнага адраджэньня краіны, аб ролі рабочых і сялянства і ў першую чаргу аб ролі актыўнай моладзі ў гэтым экономічным будаўніцтве. Затым ён перайшоў да свайго пляну. Па меры таго, як выкладаў Сьцёпка свой плян, слухачы ўсё больш і больш захапляліся ім. І ня так вабіла і прыцягвала іх тая карысьць, што можа быць у выніку ажыцьцяўленьня Сьцёпкавага пляну, як самы размах і велічыня тае задачы, што ўставала перад імі. А калі далей Сьцёпка загаварыў аб організацыі „Колектываў працы“, аб іх задачах і дзейнасьці, то ўсе як адзін, тут-жа пастанавілі скласьці такі колектыў.

— Да тут и старыя бабы запішуцца, калі прачуюць, што з Гнілога Балота можна сена сабраць, — заўважыла Марынка Пракапчук.

„Добры пачатак“, думаў Сьцёпка.

Аленка чакала Сьцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сьценцы каля Дзямянавай клуні.

— Я сёньня-ж хацеў пабачыцца з табою, Аленка, і запрашэньне табе паслаў. Ну, пакажыся-ж, што ты за чалавек?

— Які ўжо там з мяне чалавек? — засаромілася Аленка.

— І чалавек і дзяўчына ты адлічная, — паглядзеўшы на Аленку сказаў Сьцёпка.

— Я вельмі рада, калі гаворыш праўду.

— Ну, як-жа твая падгатоўка?

— Слаба, — то тое, то другое замінае і часу малавата.

— А ведаеш, Аленка, што? — можа-б ты ў пэдагогічны тэхнікум спрабавала? Так-бы ў канцы лета і паехала-б.

— У Менск?

— Але. Падумай. Справа там наладжана добра… Ёсьць сэнс.

— А хіба ў тэхнікум! І сама я трохі думала аб ім.

— Ну, як-жа ты жывеш, Аленка?

— А нічога. А як ты, Сьцёпка, пасталеў, проста хоць куды!

— А Шулевічу ты пісала?

— Не буду я пісаць чорт ведае каму! Скажы, што ён за чалавек?

— Пустазвон і… дзяўчат зводзіць. І горш за ўсё — дзяўчаты яго любяць.