толькі ў тэорыі, але і прывясьці яго ў жыцьцё і прывясьці неадкладна.
— Яно-то вядома, без папа не выпадае, — аформліваў жаданьні грамадзян старшыня сходу, ён-жа і старшыня сялянскага камітэту. Гэта быў рослы і шырокі селянін з паважнаю барадою. — Але вось у чым задача: дзе ўзяць папа? Ня ехаць-жа і нам на Украіну.
— Ты думаеш, на Украіне папоў з галушак табе вылепліваюць? Калі рудаўчане прывезьлі адтуль, то гэта і ня поп быў, а дыякан, а ўжо потым на папа яго высьвецілі.
— А ці ня ўсё табе роўна, хто ён быў, ці дзяк ці дыякан? Абы цяпер папом быў, — асадзіў Міхайлу дзед Сьвішч.
— А вы паслухайце, рабяты, што я вам скажу, — выціснуўся дзесь з-пад парогу дзядзя Мітрыч і апошні раз з засосам пацягнуў цыгарку: — Нашто нам ламаць голавы, калі можна абабраць за папа й Рыгора Андрэіча, нашага вучыцеля. Чым ня поп будзе?
На адно мгненьне сход замёр; а потым усе, як адзін, бурна запляскалі ў далоні.
— Брава! брава, Мітрыч!
— Вось гэта называецца слова сказаў!
— Лепшага папа й не сасьніш!
— Поп — што твая разьлюлі-маліна!
Некаторы час на сходзе стаяў гул і густы шум.
Дзядзю Мітрыча за яго трапнае слова хацелі нават на руках пагушкаць. Старшыня сходу забыў пра свае старшынёўскія абавязкі і даў поўную волю сходу выявіць бурлівую радасьць і сам ня меней другіх выказваў яе.
У чым-жа былі вартасьці кандыдата ў папы?
Перш за ўсё і галоўным чынам кандыдатура гэта збаўляла ад лішняга клопату. Ня трэба было вандраваць па сьвеце ў пошуках папа: З папом на старане заўсёды больш клопату. Раз поп пачуе, што ў ім ёсьць патрэба, само сабою зразумела, ён заломіць і цану сабе і будзе моцна таргавацца. Затым, з такім папом усё роўна не абмінеш і консысторыі. Праўда, так ці іначай з консысторыяй мець дачыненьне прыдзецца, але адно дзела, калі ты ўжо маеш гатовага папа, і зусім другая справа, калі гэтага папа трэба яшчэ лавіць.
Другое: намечаны кандыдат — чалавек малады, значыцца, можна спадзявацца, што ён і жыць будзе доўга. Што-ж датыкаецца яго здольнасьцяй, як папа, то і з гэтага боку ніякіх перашкод няма: чалавек вучоны, сьпяваць у царкве ўмее, апостала чытае выразна і прачула. А папрактыкуецца яшчэ, то такі выйдзе поп, што і сабор гарадзкі можа пазайздросьціць.